Стабілізацыя фронту ва Украіне і наступ: Інстытут вывучэння вайны даў нечаканы прагноз


Калі ўкраінскія войскі будуць добра забяспечаныя заходнім узбраеннем, то змогуць не дапусціць істотнага аператыўнага пасоўвання расейцаў падчас запланаванай летняй наступальнай аперацыі. Аднак войска агрэсара можа стварыць істотную пагрозу, выкарыстаўшы асобныя перавагі і адаптацыю, адзначае Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Вайсковец Збройных сілаў Украіны блізу Аўдзееўкі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец Збройных сілаў Украіны блізу Аўдзееўкі, Украіна.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Паводле дакладу экспертаў, падчас папярэдніх шырокамаштабных наступальных аперацыяў ЗСУ не дазвалялі расейцам дасягнуць нават тактычных поспехаў. Аналітыкі лічаць малаверагодным, што РФ правядзе гэтым летам наступальную аперацыю, якая была б значна больш маштабная і больш інтэнсіўная за папярэднія.

У ISW спаслаліся на заходняга службоўца, які апавёў «Financial Times», што войска РФ усё яшчэ застаецца неэфектыўным з састарэлым абсталяваннем і дрэнна падрыхтаванымі салдатамі. Яно істотна не палепшыла свайго ўзроўню з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны.

Адзначаецца, што расейскія вайскоўцы сутыкаюцца з абмежаваннямі ў колькасці сучаснай і эфектыўнай тэхнікі. Пры гэтым агульная баяздольнасць расейскіх злучэнняў працягвае змяншацца, бо дэградуюць. Нягледзячы на гэта, расейцы часта спадзяюцца на сваю колькасную перавагу ў тэхніцы і жывой сіле, каб стала і нарастальна ціснуць на ЗСУ, і прымае страты, якіх не змагло б вытрымаць украінскае войска.

«Засяроджанасць Расеі на колькасці без уліку якасці падтрымлівае тактычныя перавагі агрэсара. Асабліва гэта яскрава праяўляецца сёння, бо затрымкі ў наданні заходняй дапамогі ў сферы бяспекі аслабілі якасныя перавагі Украіны над расейскімі войскамі. Гэтым летам расяяне будуць выкарыстоўваць колькасць асабовага складу для дасягнення тактычных пераваг нават супраць ужо дастаткова забяспечаных ЗСУ», – прагназуе ISW.

Стаўка на масавасць – не адзіная адаптацыя, якую захопнікі зрабілі ва Украіне, бо яны прадэманстравалі нераўнамерную схільнасць да аператыўных, тактычных і тэхналагічных інавацыяў.

Расейскае ваеннае камандаванне вучыцца на памылках мінулага аператыўнага планавання ва Украіне і, цалкам верагодна, зробіць заданнем свайго наступу расцягнуць і здушыць ЗСУ на шырэйшым фронце на ўсходзе краіны.

Аналітыка
Вайсковая дапамога ЗША Украіне: ці пераломіць яна хаду вайны?
2024.04.23 07:00

Як дадаюць эксперты, расейцы істотна змянілі тактычныя авіяцыйныя аперацыі ва Украіне дзякуючы масаваму выкарыстанню планерных бомбаў, што дазваляе самалётам больш бяспечна наносіць удары з глыбокага тылу:

«Гэтыя ўдары планернымі бомбамі і ў далейшым будуць адыгрываць крытычна важную ролю ў падтрыманні расейскіх наземных аперацыяў гэтым летам, нягледзячы на верагоднае паляпшэнне магчымасцяў супрацьпаветранай абароны, якія ўкраінскія войскі змогуць выкарыстоўваць супраць расейскіх самалётаў з прыбыццём дадатковых заходніх сістэмаў паветранай абароны».

Расейскія войскі працягваюць шырокамаштабнае разгортванне тэхналагічных інавацыяў па ўсім фронце для падтрымання наступальных дзеянняў, а таксама разлічваюць час разгортвання гэтых інавацыяў, каб выкарыстоўваць уразлівасці ЗСУ і атрымаць перавагі да таго, як Сілы абароны адаптуюцца. Акупанты разлічваюць выкарыстоўваць новыя тэхналагічныя або тактычныя інавацыі менавіта ў пачатку наступу, каб нівеляваць моцныя магчымасці, якія атрымаюць ЗСУ пасля прыбыцця дапамогі ЗША.

У той жа час расейскія войскі ўсё яшчэ пакутуюць ад шырокамаштабных тактычных памылак і ўкраінскія войскі змогуць выкарыстоўваць гэты фактар, пакуль расейскае ваеннае камандаванне будзе працягваць змагацца з інтэрналізацыяй і распаўсюдам адаптацыяў на тактычным узроўні.

«Украіна на працягу бліжэйшых тыдняў зможа нейтралізаваць шмат якія абмежаванні ў матэрыяльнай базе, з якімі яна сёння сутыкаецца і робіць захады для палягчэння за найбліжэйшыя месяцы сваіх кадравых праблемаў. Аднак Расея будзе працягваць дабівацца ўласных пераваг у парадку таго, як будзе паляпшацца здольнасць Сілаў абароны. Украіна, хутчэй за ўсё, стабілізуе лінію фронту за найбліжэйшыя месяцы і здолее пачаць абмежаваныя контрнаступальныя аперацыі ў канцы 2024 ці ў пачатку 2025 года», – прагназуюць у ISW.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў