«Мы назіраем разгортванне ядравага рэнесансу». Пра будучыню АЭС разважае навуковец Сяргей Бесараб


Экалагічныя актывісты на працягу гадоў паўтараюць: АЭС – гэта ўчорашні дзень, станцыі трэба закрываць. З імі не згодны беларускі хімік, адмысловец у радыяцыйнай бяспецы, журналіст і папулярызатар навукі Сяргей Бесараб, у 2015 годзе – нацыянальны эксперт IEC (Міжнародная электратэхнічная камісія) ад Беларусі ў камітэтах «накапляльнікі энергіі» і «альтэрнатыўная і аднаўляльная энергетыка». Спадар Сяргей мяркуе, што ў найбліжэйшай перспектыве альтэрнатываў атамным электрастанцыям няма, а да далейшага развіцця ядравую энергетыку будзе падштурхоўваць штучны інтэлект. Гутарым з навукоўцам пра атамныя станцыі сёння і заўтра. 

Як жыве Нямеччына без атамных станцыяў?

– Спадару Сяргей, год таму, у красавіку, адна з самых прагрэсіўных краінаў свету Нямеччына спыніла працу сваёй апошняй АЭС. Ці можна ўжо цяпер зрабіць нейкія высновы – было гэтае рашэнне слушным і ці ўдалося немцам паказаць свету, што сёння цалкам можна жыць без АЭС?

– Нямеччына паддалася папулізму экалагічных актывістаў. Гэта была менавіта папулісцкая кампанія, у якой атамныя станцыі змяшалі з працёкамі на саляных шахтах Асэ, дзе захоўваліся ядравыя адкіды. І цяпер Нямеччына расхлёбвае наступствы свайго рашэння. Пасля закрыцця АЭС баланс генерацыі энергіі ішоў за кошт звычайных вугальных электрастанцыяў, што не вельмі экалагічна. Акрамя таго, куплялася энергія з французскіх АЭС, якія значна саступаюць нямецкім у тэхналагічнасці, дый бяспецы.

Градзірні атамнай электрастанцыі Гундрэмінген у раёне Гюнцбург, Нямеччына. 21 студзеня 2021 года.
Фота: Bayerl / Gunther / Travel Collection / East News

Агулам мне вельмі шкада, што Нямеччына спыніла свае атамныя станцыі, бо гэтая краіна як Мека ядравых тэхналогіяў: там заўсёды былі самыя прафесійныя навукоўцы, самыя бяспечныя станцыі, прарыўныя тэхналогіі. Мне шкада, што краіны прафесіяналаў саступаюць сцэну азіяцкім пачаткоўцам, якія якраз думаюць не пра закрыццё АЭС, а пра будаўніцтва новых.

Нямеччына – напэўна, адзіны такі прыклад у свеце. У іншых краінах не відаць зніжэння цікавасці да ядравай энергетыкі. У прагнозным дакладзе МАгАтЭ гаворыцца, што да 2050 года генерацыя ад АЭС можа павялічыцца ўдвая. Таму, верагодна, цяпер мы назіраем разгортванне ядравага рэнесансу, які ідзе даволі хуткімі тэмпамі, пра што я казаў у сваіх прагнозах яшчэ летась.

Немцы ж ужо шкадуюць пра закрыццё АЭС. Яны кажуць, што на базе закрытых станцыяў будуць будаваць тэрмаядравыя рэактары, але гэта, безумоўна, гучыць больш як фантастыка.

Даведка

Надоечы нямецкае выданне «Bild» паведаміла са спасылкаю на дакументы міністэрстваў эканомікі і навакольнага асяроддзя, што эксперты пераконвалі міністраў захаваць АЭС. Яны ўказвалі на танную вытворчасць электраэнергіі і бяспеку эксплуатацыі нямецкіх станцыяў. Але міністры Робэрт Габэк і Штэфі Лемке (абодва з партыі «Звяз 90/«Зялёныя») не паслухалі гэтых довадаў і абвесцілі пра закрыццё АЭС праз небяспеку аварыяў ды імкненне перайсці на аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Ядравая энергетыка – зялёная і ўстойлівая?

– Чаму не ўдаецца цалкам перайсці на зялёную энергію – сонца і ветру, якую эколагі называлі альтэрнатываю традыцыйнай энергетыцы і АЭС?

– Ёсць эколагі з адукацыяй, а ёсць эколагі-актывісты, якія наагул не маюць тэхнічнай адукацыі ды экспертаў не прыцягваюць. Так, яны кажуць пра сонечную і ветравую энергію, але забываюцца, што сонца і вецер – рэчы непастаянныя, сезонныя, залежныя нават ад часу содняў. Што з гэтым рабіць, калі плынь энергіі мусіць быць сталая? Патрэбныя акумулятары ці балансавальныя магутнасці, і гэтае пытанне эколагі абыходзяць, бо адказу на яго не маюць. Зорны час эколагаў быў, калі не было вайны і не стаяла пытання энергетычнай залежнасці ад Расеі. Цяпер ім будзе складаней «выязджаць» на радыефобіі без факталагічнай базы.

Што да зялёнай энергетыкі, у 2022 годзе Еўразвяз прыняў законапраект, гэтак званую таксаномію, які якраз такою прызнаў атамную, разам з газаваю – зялёнай і ўстойлівай, і гэта, у сваю чаргу, адкрывае ёй шлях ва ўстойлівую нізкавугляродную энергетыку будучыні. Таму колькасць пабудаваных АЭС будзе толькі павялічвацца.

Разбор
Немцы адмовіліся ад АЭС, а палякі плануюць сваю першую станцыю. Ці выгадны «атам» у свеце і ў Беларусі?
2023.04.26 06:00

– Якія краіны сёння робяць стаўку на будоўлю новых АЭС?

– Нядаўна я чытаў апублікаваны даклад індыйскага ўраду, у якім казалася, што для ўстойлівага развіцця краіне трэба пабудаваць 330 гігаватаў ядравых магутнасцяў. Гэта дзясяткі АЭС. І, хутчэй за ўсё, іх пабудуюць, бо Індыя цяпер – краіна, у якую пачалі ўліваць інвестыцыі ЗША, там можна будзе назіраць заўважны тэхналагічны і тэхнічны рост за найбліжэйшую дэкаду. А гэта немагчыма без энергіі, таму з вялікаю доляю імавернасці менавіта Індыя станецца глабальным палігонам для масавай будоўлі новых АЭС, правярання новых рэактарных тэхналогіяў.

Азіяцкі рэгіён актыўна развівае сваю ядравую галіну, прычым не толькі класічную – яны спрабуюць інавацыйныя рэчы. Напрыклад, Кітай распрацоўвае торыевыя рэактары. На выставе ў Шанхаі анансавалі кантэйнеравоз KUN-24AP на торыевым рэактары: замест урану там выкарыстоўваецца расплаў соляў торыю-232. Такія рэактары не патрабуюць шмат вады для ахаладжэння, а пры аварыі актыўная зона робіцца цвёрдай, яе можна лёгка выгрузіць.

Але можна так далёка не хадзіць – Польшча таксама запланавала будаўніцтва дзвюх АЭС.

Пакуль свет працуе над новымі тэхналогіямі, Расея лепіць латкі на старыя рэактары

– Торыевыя рэактары, якія распрацоўвае Кітай, больш бяспечныя ў выпадку аварыі?

– Прыкладаў такіх аварыяў не было, але сапраўды выбуху ў выпадку рэактараў на расплавах соляў (г. зв. MSR) там не будзе. Так, персанал можа пацярпець, нейкая тэрыторыя, але гэта не тая брудная бомба, якою стаўся некалі Чарнобыль. Зрэшты, ад канальных рэактараў РБМК, які быў на ЧАЭС, даўно адмовіўся ўвесь свет як ад абсалютна небяспечных. Яны цяпер засталіся толькі ў Расеі.

Рэактар вялікай магутнасці канальны (РБМК) на Смаленскай АЭС, Расея. 24 верасня 2009 года.
Фота: Anton Belitsky / East News

Дарэчы, Расея – галоўны прапагандыст ядравай галіны – упершыню знізіла генерацыю ядравай энергіі. Акрамя таго, у 2020–2030-х гадах Расея планавала цалкам замяніць рэактары РБМК, якія шмат дзе там яшчэ працуюць, напрыклад, на Смаленскай АЭС, на больш бяспечныя ВВЭР. Але праз нястачу грошай і адсутнасць доступу да якасных еўрапейскіх камплектавальных, вывад РБМК з эксплуатацыі адкладаецца на нявызначаны тэрмін. То бок у той час як увесь свет пераходзіць да рэактараў пакалення 3+, шмат увагі надае малым модульным рэактарам, больш бяспечным торыевым, працуе над новымі варыянтамі перапрацоўвання адкідаў, Расея коціцца назад у цемрашальства і лепіць латкі на старыя рэактары. Прытым праз санкцыі гэтыя латкі імпартазамяшчальныя. У выніку павялічваецца колькасць нейкіх інцыдэнтаў, расце час прастояў.

– Як, на ваш погляд, можа далей развівацца ядравая энергетыка?

– Тут у мяне крыху сюррэалістычныя думкі. Апошнім часам актыўна развіваецца штучны інтэлект. Нядаўна Марк Цукербэрг у інтэрв’ю казаў, што марыць пабудаваць дата-цэнтр для трэнавання нейрасетак магутнасцю 1 гігават. Штучны інтэлект немагчымы без вялікай колькасці крэмніевых чыпаў, а яны працуюць на электраэнергіі. Таму Цукербэрг і марыць пра пабудову дата-цэнтру на 1 гігават, а такая магутнасць – гэта энергаблок БелАЭС.

Раней кіраўнік «Open AI» Сэм Олтмэн таксама казаў, што будучыня штучнага інтэлекту на 100 % залежыць ад развіцця сферы энергетыкі, бо нейрасеткі працуюць на паўправадніковых працэсарах, якія спажываюць велізарную колькасць энергіі. Сёння сярэдні дата-цэнтр, які трэнуе штучны інтэлект, выкарыстоўвае каля 150 мегаватаў энергіі. Каб вывесці яго на новую ступень, а не толькі генерацыю простых малюнкаў і тэкстаў, на думку Цукербэрга, трэба будаваць дата-цэнтры на 300–500 мегаватаў, лепш – на 1 гігават. Атрымліваецца, каб распрацаваць штучны інтэлект з новымі магчымасцямі, патрэбная асабістая АЭС.

Разбор
БелАЭС будзем адключаць? Немцы адмовіліся ад АЭС – ці змогуць адмовіцца іншыя
2023.04.26 16:00

Штучны інтэлект і АЭС

– То бок штучны інтэлект падштурхне будаўніцтва АЭС?

– Гэта магчыма, і тут ёсць такі момант: краіны з неабмежаваным доступам да энергіі, а гэта пераважна аўтакратыі і дыктатуры, як Расея ці краіны Персідскай затокі, здолеюць абысці ЗША і Еўропу за кошт таго, што змогуць выдаткоўваць на развіццё штучнага інтэлекту больш энергіі. Гэтая фантастычная думка напрошваецца сама сабою. Напрыклад, БелАЭС, якая працуе з велізарным прафіцытам. Улады не ведаюць, куды дзець яе энергію, бо ніхто не купляе. Пакуль чыноўнікі кажуць пра ўчорашні дзень – майнінг крыптавалютаў. У той час як відавочна, што можна развіваць штучны інтэлект, нават не з нуля – можна ўзяць гатовую адкрытую мадэль і вучыць яе, стварыць беларускі штучны інтэлект. Думаю, хтосьці аднойчы падкажа гэта Лукашэнку.

Больш магчымасцяў развіваць штучны інтэлект будзе ў недэмакратычных краінах, бо ў дэмакратычных ёсць рэгуляванне, патрэба кансэнсусу грамадства, тых жа, напрыклад, экалагічных актывістаў і ўраду, што стане галоўным абмежаваннем. У той час як аўтакратам нічога не замінае кінуць на развіццё ШІ магутнасці АЭС. А вось чаму яны будуць яго навучаць, пад якія мэты заточваць – ужо іншае пытанне.

– Выглядае, што неўзабаве забароны АЭС будуць патрабаваць не з экалагічных прычынаў….

– Гэта здаецца даволі сюррэалістычным сцэнаром, пакуль складана ўявіць, як ён можа адбіцца на цывілізацыі…. Сёлета ў ЕЗ уступіў у моц законапраект пра рэгуляванне штучнага інтэлекту. Там вылучаныя галіны, у якіх недапушчальнае выкарыстанне ШІ, а таксама дзе рызыкі прымальныя. Недапушчальны збор інфармацыі пра асобаў, іхныя эмоцыі, паводзіны, выкарыстанне ШІ для маніпуляцыяў праз узроставую, гендарную, расавую ўразлівасць. Дапушчальная рызыка – у медыцыне, самалётах, дзіцячых цацках, энергетыцы. І гэта яшчэ адзін аспект – штучны інтэлект, убудаваны ў кіраванне такімі сур’ёзнымі рэчамі, як ядравая энергетыка.

А мы дасюль дакладна не ведаем, як працуюць нейрасеткі з блэк-бокс мадэллю, што там адбываецца ўнутры, паміж уваходнымі звесткамі і тымі, што мы маем на выхадзе. На гэтай мадэлі пабудаваная большасць нейрасетак, бо яна танная. Ёсць ўайт-бокс мадэль з адкрытай модульнай архітэктурай, дзе чалавек можа бачыць працэс фармавання выніковага рашэння, але яна дарагая і павольная, таму ад блэк-бокс наўрад ці адмовяцца – хутчэй, пабудуюць для яе сваю АЭС.

Расейскія салдаты на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС падчас акупацыі. Кіеўская вобласць, Украіна. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Komsomolskaya Pravda / Russian Look / Forum

Ці можна пабудаваць АЭС, цалкам забяспечаную ад тэрарыстаў?

– Для сучасных АЭС патрэбны ўран. Але навукоўцы кажуць, што ён раней ці пазней скончыцца на нашай планеце. Што тады – скончацца і атамныя станцыі ці будуць нейкія новыя тэхналогіі?

– Запасу ўрану хопіць на 100 гадоў. Што рабіць далей? Можна лезці глыбей у зямлю, бо ўрану насамрэч шмат, і нават у Беларусі ёсць радовішчы – у Гомельскай вобласці, каля Карэлічаў, там тысячы тонаў. Але ён на такой глыбіні, што распрацоўваць гэтыя радовішчы – фантастыка, якая будзе вельмі дорага каштаваць.

Магчыма, за 100 гадоў з’явяцца тэхналогіі, якія дазволяць дабываць уран з глыбіні і зробяць гэта эканамічна мэтазгодным. Але ёсць яшчэ тэхналогія замкнёнага цыклу з выкарыстаннем гэтак званых рэактараў-брыдэраў. Актыўна над гэтым працуе Расея (напрыклад, будуе рэактар БРЕСТ-ОД-300). Гэта рэактары, у якіх адпрацаванае ядравае паліва з утрыманнем плутонію ўжываецца пры вытворчасці ядравага паліва для паўторнага выкарыстання. Гэта даволі перспектыўна. Як і выкарыстанне новых крыніцаў, дзе ўран непатрэбны, як тыя ж торыевыя рэактары. Торыю-232 нашмат болей, чымся ўрану, яго прасцей знайсці.

– Ці магчыма стварыць АЭС, якая будзе забяспечаная ад тэрарыстычных атак, выкарыстання ў ваенных мэтах?

– Заўсёды самае слабое звяно – гэта чалавек, праз што цалкам схаваць АЭС ад тэрарыстычных атак немагчыма. Нам кажуць, станцыя забяспечаныя ад падзення лёгкаматорнага самалёта зверху. Але можна падагнаць замінаваную машыну пад корпус рэактару ці запусціць наймітаў, якія размесцяць там жа выбухоўку, і не трэба ніякага самалёта. Пры захопе АЭС можна замінаваць сістэмы ахалоджвання ці проста перабіць сілавы кабель, які ідзе да станцыі, і ўсё – яна пачынае працаваць на дызель-генератарах. Калі ім не даць паліва, тады толькі пытанне часу, калі там усё выбухне і пацячэ. То бок ад тэрарызму АЭС ніяк не абароненыя, як і ўвогуле ніхто.

Для тэрарыстаў АЭС – чырвоная ануча. Так, мы бачылі, як Ізраіль збіваў іранскія ракеты і дроны, якія ляцелі ў пустэльню Нэгеў, дзе месціцца ізраільскі цэнтр ядравых даследаванняў з эксперыментальным рэактарам IRR-2. Там усе падыходы кантралююцца, у тым ліку неба. Але АЭС у пустэльні і ў невялікай высокаўрбанізаванай краіне – гэта розныя рэчы. Таму з гледзішча энергетычнай бяспекі АЭС патрэбная, але з гледзішча тэрарыстычнай небяспекі – гэта бомба павольнага дзеяння.

Разбор
Пяць прычынаў не адмаўляцца ад АЭС
2023.04.25 14:12

АЭС: учорашні дзень ці заўтрашні?

– Пасля пераменаў у Беларусі што нам рабіць з БелАЭС і ці падтрымалі б вы будаўніцтва другой станцыі?

– Я б папрасіў дапамогі ў сусветнага грамадства і адчыніў бы дзверы для самых неймаверных ідэяў, прапановаў. Зрабіў бы глабальны гакатон «БелАЭС – што нам з ёю рабіць?». Адкрыў бы ўсе звесткі, усе недаробкі. І, безумоўна, яе трэба спыніць, пакуль не будзе зроблены 100 % адкрыты аўдыт.

Наконт другой АЭС… Не ведаю, навошта яна патрэбная, бо і з дзейнаю не ведаюць, што рабіць. Але калі спатрэбіцца, я б прымаў пастанову наконт будаўніцтва праз рэферэндум, абмеркаванне, і не толькі ўнутрыбеларускае, але з прыцягненнем міжнароднай супольнасці ды экспертаў. Трэба думаць, ці гатовыя мы прыняць рызыку, што дзецям і ўнукам застануцца ядравыя адкіды, калі мы цяпер пабудуем другую АЭС.

– У якасці падсумавання: усё ж такі АЭС – учорашні дзень ці заўтрашні?

– Думаю, што замены ядравай энергетыцы на сёння няма. Незразумела, ці будзе далей развівацца тэрмаядравая энергетыка, таму пакуль – толькі ўранавая.

Але як адмысловец у радыяцыйнай бяспецы, я перакананы, што атам павінен быць у руках тых, хто яго любіць і паважае. Глупства, шапказакідальніцтва, маладасведчанасць – гэта камбінацыя, якая прывядзе да трагедыі, што ўжо здарылася ў Чарнобылі. І калі я цяпер бачу практычна такі ж падыход на БелАЭС, мне становіцца жахліва. Я люблю радыяцыю, але перакананы, што яна павінна быць у руках тых, хто яе глыбока адчувае і ведае. І ніяк інакш.

Нам патрэбная адукацыя і максімальная адкрытасць тэмаў радыеактыўнай бяспекі. Калі грамадства разумее, як гэта працуе, радыефобіі ў ім няма – яна ідзе ад нястачы інфармацыі і ад хлусні. Веды адкрываюць свет да бяспечнай, энергетычна забяспечанай будучыні.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў