Бельгія вырашыла як найхутчэй паставіць Украіне самалёты «F-16», у Расеі гарыць чарговы НПЗ


Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 794 дні. Пакуль асобныя амерыканскія чыноўнікі абмяркоўваюць ідэю «замарозкі» фронту, Расея фармуе «вось зла». «Белсат» расказвае, што пішуць пра вайну на раніцу 27 красавіка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Знішчальнік «F-16».
Фота: Charn Lee / Pixabay

Зводка Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны за мінулы дзень выглядае звычайнай. За 26 красавіка адбылося 94 баявыя сутыкненні – нават крыху менш, чым у мінулыя тры дні, калі колькасць сутыкненняў перавальвала за сотню. Але абстрэлаў крыху больш: 12 ракетных і 76 авіяцыйных удараў, 83 абстрэлы рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, 110 населеных пунктаў пад артылерыйскім агнём.

Ноччу збілі 6 з 9 запушчаных крылатых ракетаў Х-101/Х-555, 6 з 8 крылатых ракет «Калібр», 8 з 9 ракет Х-59/Х-69, 1 з 2 крылатых ракет «Іскандэр-К», не збілі чатыры аэрабалістычныя ракеты «Кінжал». Паводле Міністэрства энергетыкі Украіны, пад удары трапілі аб’екты энергетычнай інфраструктуры ў прыфрантавой Днепрапятроўскай і далёкіх ад фронту Івана-Франкоўскай і Львоўскай вобласцях (паранены адзін начальнік змены).

Hавiны
У Кіеве эвакуююць шпіталі, якія Церцель згадаў у сваёй прамове
2024.04.26 19:24

Выбухі гучалі таксама ў Харкаве (адзін чалавек паранены ў выніку абстрэлу медычнага комплексу) і Херсоне. У сувязі з расейскімі атакамі Польшча падымала авіяцыю. Нямецкія знішчальнікі перахапілі расейскі «Іл-20» над Балтыйскім морам.

Адбітыя атакі на купянскім, ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, навапаўлаўскім, арэхаўскім, херсонскім напрамках. Паводле ЗСУ, за мінулы дзень расейскія войскі страцілі 1124 чалавекі (агулам з пачатку поўнамаштабнай вайны 465 тысяч чалавек), 6 танкаў, 38 артылерыйскіх сістэмаў, 3 сродкі супрацьпаветрана абароны, 35 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і 6 – спецыяльнай тэхнікі.

Брытанская выведка адзначала паскарэнне прасоўвання расейскіх войскаў на захадзе ад Аўдзееўкі, BBC расказала дэталі небяспечнага раптоўнага прарыву да сяла Ачарэціна.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у штодзённым аглядзе адзначае, што з пачатку тыдня адбылося не менш за дзясятак двухбаковых і шматбаковых сустрэчаў прадстаўнікоў Расеі, Беларусі, Кітаю, Ірану і Паўночнай Карэі – паглыбляецца супраца дзяржаваў, якія хочуць «супрацьстаяць Захаду». Кітайскія чыноўнікі на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Злучаных Штатаў распавядалі, што гэта NATO адказнае за напад Расеі на Украіну ў адказ на абвінавачванні ў пастаўках Расеі электронікі, прамысловых інструментаў і сыравіны для вайны.

Заходнія медыі, адзначае ISW, працягваюць паведамляць, што асобныя афіцыйныя асобы ЗША аднавілі абмеркаванне ідэі «замарожвання фронту», бо лічаць, што апошняга пакету ваеннай дапамогі ЗША Украіне можа быць недастаткова, каб Украіна вярнула ўсю сваю тэрыторыю. Прыхільнікі нядаўняга пакету не сцвярджаюць, што ён сам па сабе дазволіць Украіне вызваліць усю акупаваную тэрыторыю, і абмеркаванне магчымых канчатковых станаў вайны вельмі заўчаснае, паколькі прэзідэнт ЗША падпісаў законапраект пра дапамогу толькі два дні таму.

Нямецкая «Die Welt» тым часам апублікавала дэталі праекту мірнай дамовы, якую маглі заключыць у красавіку 2022 года. Расея патрабавала ад Украіны нейтралітэту, абмежавання колькасці войскаў, узбраення, тэхнікі і авіяцыі, а акупаваныя на той момант тэрыторыі хацела пакінуць сабе. У абмен на капітуляцыю Расея абяцала больш не нападаць.

Hавiны
«Гэта для абароны жыцця». Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла дапамогу Украіне на $61 млрд
2024.04.20 23:47

Заходнія саюзнікі працягваюць падтрымку Украіны. І гэта не толькі ЗША, якія 26 красавіка ўхвалілі чарговы пакет ваеннай дапамогі на 6 млрд долараў з ракетамі для сістэмаў паветранай абароны «Patriot», сістэмамі NASAMS і зарадамі для HIMARS, 155-мм і 152-мм артылерыйскімі снарадамі і іншым.

Бельгія заявіла, што паставіць Украіне некалькі знішчальнікаў «F-16» не ў 2025 годзе, як планавалася раней, а ўжо сёлета і «як мага хутчэй», і пастаўкі можа прафінансаваць з замарожаных расейскіх актываў. Агулам Украіне абяцалі 45 самалётаў «F-16» ад Бельгіі, Даніі, Нарвегіі і Нідэрландаў. Акрамя таго, Іспанія заявіла, што плануе даць Украіне ракеты для «Patriot».

Праўда, «Associated Press» паведаміла, што Украіне давялося адвесці з фронту амерыканскія танкі «Abrams M1A1»: ужо страцілі 5 з 31, у тым ліку праз уразлівасць танкаў да расейскіх дронаў.

Але да дронаў уразлівая і расейская тэхніка, і расейскія заводы. Так, ранкам 27 красавіка нешта выбухала ў Славянску-на-Кубані, што ў Краснадарскім краі Расеі. Паводле мясцовых уладаў, беспілотнікі атакавалі нафтаперапрацоўчы завод «Славянск Эко». Распачаўся пажар, пацярпелых няма. Расея заявіла, што збіла за ноч аж 66 украінскіх дронаў. Трыма днямі раней у Расеі казалі пра атаку дронаў на паліўна-энергетычныя аб’екты на Смаленшчыне.

Агляд
Расейцы развіваюць наступ у ваколіцах Данецку. Што вядома?
2024.04.26 18:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў