Сусветны банк пагоршыў прагноз для Беларусі праз падатковы манеўр


Сусветны банк пагоршыў прагноз росту беларускай эканомікі ў тым ліку ў сувязі з нявызначанасцю ў беларуска-расейскіх інтэграцыйных перамовах. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі банку на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле прагнозу, рост ВУП у Беларусі ў 2019 годзе складзе 1 % (летась было 3 %), у 2020 годзе – 0,9 %, у 2021-ым – 0,5 %. Зніжэнне тэмпаў росту беларускай эканомікі Сусветны банк звязвае з кепскаю дынамікаю вонкавага попыту, скарачэннем прасторы для ўнутранага спажывання, захаваннем структурных праблемаў, а таксама з наступствамі падатковага манеўру РФ.

Як патлумачыў эканаміст Сусветнага банку Кірыл Гайдук, папярэдні (больш пазітыўны) прагноз грунтаваўся на разліку, што Масква кампенсуе прынамсі 50% стратаў Беларусі ад падатковага манеўра. «Наш цяперашні прагноз пабудаваны на адсутнасці кампенсацыі», – дадаў Гайдук.

Эканаміст Сусветнага банку Кірыл Гайдук. Фота belsat.eu

Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банку Алекс Крэмер падкрэсліў пры гэтым:

«Мы не ведаем, ці будзе атрыманая Беларуссю кампенсацыя. Гэта дапушчэнне, а не прагноз».

У дакладзе банку канстатуецца, што ў далейшым падатковы манеўр можа знізіць тэмпы эканамічнага росту. Па-першае, скарачэнне экспартных мытаў зніжае даходы бюджэту. Па-другое, рост цэн на сыравіну прывядзе да зніжэння канкурэнтаздольнасці беларускіх НПЗ.

  • Падатковы манеўр, які сёлета пачала рэалізоўваць Расея, прадугледжвае паэтапнае абнуленне экспартных мытаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну за сусветныя кошты і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 да 2024 года могуць скласці $ 8–12 млрд. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў