Суд у справе сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча, на якіх ускладаюць адказнасць за трагічную гібель Аляксандра Коржыча ў Печах аднавіўся пасля перапынку. Belsat.eu вядзе тэкставы онлайн.
14.57. Бок абароны прасіў абвесціць перапынак у судзе да таго часу, калі набудзе моц прысуд лейтенанту Паўлу Сукавенка і прапаршчыку Артуру Вірбалу. Нагадаем, вырак камандзірам Коржыча мусяць абвесціць 19 кастрычніка. Аднак суд адмовіў адвакатам і абвесціў аб завяршэнні судовага следства. На працэсе пачаліся судовыя спрэчкі.
14.33. Генеральная пракуратура адмовілася распачынаць крымінальную справу па факце заяваў абвінавачаных наконт ціску на іх з боку КДБ. Вынікі праверкі зачытаў на сённяшнім паседжанні дзяржаўны абвінаваўца. Паводле пракуратуры, заявы падсудных не знайшлі пацверджання, ціск на сяржантаў падчас следства не аказваўся.
Адвакаты ў сваю чаргу адзначылі, што фактычна Генеральная пракуратура агучыла выключна версію КДБ, бо ніякіх апытанняў абвінавачаных у межах праверкі не праводзілася.
Заявы наконт ціску з боку КДБ прагучалі на судзе ў верасні. У прыватнасці, пра гвалт у дачыненні яго заявіў сяржант Бараноўскі – гэта нібыта прымусіла часткова агаварыць сябе і іншых фігурантаў справы. Сяржант Скуратовіч таксама заявіў пра ціск, але адзначыў, што прынцыпова на ягоныя паказанні гэта не паўплывала.
13.26. У судзе дае паказанні Сяргей Буткевіч – адказны за будынак медычнай роты. Ён распавёў, што у падвале, дзе знайшлі цела Аляксандра Коржыча, святло цалкам адсутнічала – цягам усяго 2017 года там не было ніводнай лампачкі. Каля двух месяцаў на момант трагедыі не працаваў замок, то бок дзверы былі заўсёды адчыненыя.
12.33. Найлепшы сябар Коржыча Ілля Казубоўскі распавядаў, што падчас службы ў войску Аляксандр прасіў дасылаць яму па 10-20 рублёў, ды яшчэ клаў грошы на тэлефон. Агулам – Ілля пералічыў сябру каля 100 рублёў.
У самагубства Коржыча ён не верыць.
«Я ведаў Сашу добра. Ён не мог сам гэта зрабіць, – упэўнены Ілля. – Такіх думак у яго ніколі не было – ні да службы, ні падчас яе».
Але нічога канкрэтнага наконт абставінаў смерці Коржыча Ілля сказаць не можа. Коржыч не распавядаў яму дэталі нестатутных адносінаў у Печах.
12.11. Сяргей Дзяцел распавёў, што 4 кастрычніка 2017 года бачыў труп Коржыча. Труп быў ужо загрымаваны, таму візуальна немагчыма было ацаніць пашкоджанні на целе Коржыча.
Святлана Коржыч у сваю чаргу адзначыла, што цела сына сваякам доўга не хацелі паказваць. Распавядаючы пра гэта, жанчына не стрымалася і выдала эмацыйную прамову наконт смерці сына. Святлана Коржыч падкрэсліла, што Аляксандр пайшоў у армію добраахвотна, хаця яна яго адгаворвала, прапаноўвала з’ехаць за мяжу.
11.42. Сяргей Дзяцел, муж сястры Коржыча, распавядае, што асабіста яму Аляксандр ніколі ні на што не скардзіўся.
«Апошні раз бачыў яго ў часе прысягі. Ён быў сумны, але ні на што не скардзіўся. Потым мы размаўлялі толькі па тэлефоне. Я запытваў у яго, ці ёсць нейкія праблемы? Але казаў, што праблемаў няма», – падкрэсліў ён.
Паводле сведкі, Коржыч узяў з сабою ў войска банкаўскую картку з апошнім заробкам (да прызыву ён працаваў на станцыі тэхнічнага абслугоўвання). Таксама яму рэгулярна дасылалі грошы маці, сястра і сябры.
10:50. У судзе дае паказанні Віялета Дзяцел, стрыечная сястра Аляксандра Коржыча. Распавядае, што Аляксандр жыў у добрай сям’і, ніколі з ім не было праблемаў. Меў шмат сяброў, быў вельмі кантактны.
Пасля прызыву ў войска ў ліпені 2017 года Коржыч распавёў Віялеце пра тое, як аднойчы ноччу знайшоў у прыбіральні жаўнера ў пятлі – той спрабаваў здзейсніць самагубства. Гэты выпадак яго шакаваў, Коржыч нават спаць не мог. Потым Аляксандр неаднойчы кепска характарызаваў «дзядоў» з Печаў, якія, паводле яго, былі неадэкватныя. Распавядаў, што адзін сяржант (Віялета мяркуе, што гаворка ішла пра Бараноўскага) аднойчы сышоў ноччу і вярнуўся нецвярозым толькі раніцай. Распавядаў, што сяржанты прыводзілі ў казарму дзяўчат. Праўда, Коржыч не казаў Віялеце, што ў яго вымагалі грошы або збівалі. Але аднойчы прагаварыўся: маўляў, «лепш заплаціць», аднак сваю думку не патлумачыў.
Падчас апошняй тэлефоннай размовы з Аляксандр ні на што не скардзіўся, сцвярджаў, што нармальна адчувае сябе. Тэлефанаваў пры гэтым не са свайго нумара – казаў, што яго тэлефон сяржанты не аддалі. Потым доўга з Коржычам не было ніякай сувязі, сваякі пачалі хвалявацца. «Нарэшце, мне патэлефанаваў бабуля, плакала. Сказала: забілі дзіцё», – прыгадвае Віялета Дзяцел.
«Ніколі не паверу, што ён сам скончыў жыццё самагубствам. Гэтага не магло быць», – падкрэсліла яна на судзе.
Аднак Віялета не мае версіяў, хто мог забіць Аляксандра Коржыча.
ІІ, belsat.eu