Студэнты змянілі фармат няўзгодненага мітынгу. «Белсат» рыхтуе стрым


Замест не ўзгодненага ўладамі Масквы мітынгу 30 жніўня арганізатары абвясцілі аб правядзенні «культурнага мерапрыемства з чарнавой назвай «Універсітэт у яме». Паведамленне пра гэта з’явілася у Facebook у створанай для акцыі «Свабоду студэнтам, свабоду універсітэтам» падзеі.

«Мы дагэтуль не ведаем, узгадніла мэрыя мітынг ці не і будзем такі адказ абскарджваць далей. Мы не хочам праводзіць няўзгоднены мітынг і падвяргаць вас небяспекі. Але мы абяцалі праявіць фантазію і вось што прыдумалі», – напісана ў заяве ад імя аднаго з арганізатараў, часопіса DOXA.

Новы фармат мае на ўвазе «маштабную публічную дыскусію аб тым, ці ёсць ва ўніверсітэце месца палітыцы», арганізатары абяцаюць «лекцыі, public talk аб універсітэце і палітыцы, а пад вечар яшчэ і канцэрт». Пачатак мерапрыемства запланаваны на 17:00 і павінен прайсці ў «Яме» (амфітэатр на Хахлоўскай плошчы) – прасторы, якая ў апошні час стала знакавай для маскоўскай моладзі.

«Белсат» сочыць за сітуацыяй і рыхтуе стрым – не прапусціце – пачатак а 13.30 па Менску і Маскве. Прамыя трансляцыі з мітынгаў і акцый у Маскве глядзіце на нашым Youtube-канале «Вот так», нашай Facebook-старонцы «Белсат» по-русски, а таксама сачыце за абнаўленнямі ў Twitter.

Арганізатары таксама паведамляюць, што не адмаўляюцца ад правядзення мітынгу, але плануюць яго на перыяд пасля выбараў у Масгардуму, гэта значыць пасля 8 верасня.

Пасля ўзбуджэння справы аб масавых беспарадках 27 ліпеня свае «палітычныя вязні» з’явіліся ў шматлікіх маскоўскіх універсітэтаў. За апошні месяц у СІЗА апынуліся студэнт ВШЭ Ягор Жукаў, студэнт Баўманкі Данііл Конан, студэнт РДУ ім. Касыгіна Валерый Касцёнак і выпускнік МФТІ Айдар Губайдулін. Ужо паўгода пад вартай знаходзіцца аспірант МДУ Азат Міфтахаў. Як адзначаюць арганізатары заўтрашняй акцыі, яны выступаюць за вызваленне студэнтаў-палітвязняў, супраць палітычнага ціску на ўніверсітэты звонку, а таксама супраць палітычнага пераследу ўнутры універсітэтаў.

ЛБ/АА, belsat.eu

Стужка навінаў