У адказ на атакі расейскіх хакераў амерыканскія спецслужбы ствараюць кампʼютарную праграму, якая зможа ў патрэбны час вывесці са строю вялізную частку расейскай інфраструктуры, паведаміла газета Washington Post.
Аперацыя па стварэнні магутнай інтэрнет-міны была звязаная з умяшальніцтвам Расеі ва ўнутраную палітыку ЗША, асабліва ў 2016 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў, паведамілі газеце інфармаваныя крыніцы.
«Мы працягнем прыймаць разнастайныя захады ў любым месцы і ў любы час, калі вырашым, некаторыя з якіх не будуць абнародавацца», – заявіў прэзідэнт Барак Оўбама пра адказ ЗША на дзеянні РФ ужо пасля выбараў, на якіх нечакана для большасці перамог рэспубліканец Доналд Трамп.
Суразмоўцы Washington Post кажуць, што мелася на ўвазе «наступальная» амерыканская кібераперацыя супраць РФ, якая пакажа Маскве, што жарты скончыліся.
Ужо ў жніўні 2016 году Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША паведаміла Беламу дому пра тое, што за шэрагам кібератак на амерыканскай тэрыторыі стаяць групы хакераў, якія знаходзяцца пад кантролем маскоўскіх уладаў.
Перад гэтым у самы гарачы час амерыканскіх выбараў партал WikiLeaks апублікаваў тысячы лістоў і дакументаў Дэмакратычнай партыі ЗША, якія паказвалі сумнеўныя этычныя якасці функцыянераў партыі Барака Оўбамы і суперніцы Трампа на выбарах – Гілары Клінтан.
Восенню кіраўнік ЦРУ Джон Брэнан асабіста размаўляў з кіраўніком Федэральнай службы бяспекі РФ Аляксандрам Бортнікавым, а Барак Абама звярнуўся да Уладзімера Пуціна з папярэджаннем: «Будуць наступствы». Чыноўнікі з адміністрацыі Оўбамы лічаць, што пасля гэтага Масква адмовілася ад далейшага ўмяшальніцтва ў амерыканскія выбары.
Аднак ужо пасля выбараў амерыканскае расследаванне актывізавалася – супрацоўнікі спецслужб і аналітыкі па бяспецы ўбачылі, што расейская хакерская кампанія была куды больш небяспечнай, чым лічылася.
Былі ўведзеныя новыя санкцыі супраць Расеі, распрацаваныя новыя меры адказу на хакерскія атакі – у тым ліку стварыць «кібербомбу».
Інтэрнет-камунікацыі зараз мільёнамі нябачных сувязяў звязваюць банкаўскую сістэму, паветраны і чыгуначны транспарт, адміністратыўныя органы, спецслужбы, армію, забеспячэння гарадоў і прадпрыемстваў электрычнасцю, газам і вадой.
«Спячыя» вірусы, якія можна актывізаваць звонку, могуць часткова ці цалкам дэзарганізаваць усе гэтыя жыццёва неабходныя структуры і камунікацыі.
У часы Халоднай вайны адзін бок стрымліваўся іншым праз пагрозу ўдару тысячамі атамных боегаловак – агрэсія прыводзіла абодва бакі да ўзаемнага знішчэння. Менавіта такой зброяй, толькі цяпер кампʼютарнай, вырашылі ЗША стрымліваць Маскву ад кіберагрэсіі на сваёй тэрыторыі.
Згодна з паведамленнем Washington Post, новы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп не аддаваў загадаў спыніць стварэнне «кібербомбы».
У перыяд атамнага супрацьстаяння СССР і ЗША войны працягваліся – у Грэцыі ішла грамадзянская вайна, у якой перамаглі антыкамуністы, палала і была падзеленая папалам Карэя, мільёны людзей гінулі ў Вʼетнаме, Лаосе, на Бліжнім Усходзе, у Афрыцы, дзе выйгравалі ці прайгравалі прасавецкія ці праамерыканскія рэжымы.
Пры наяўнасці кіберзброі стратэгічнага стрымлівання маштабныя аперацыі хакераў могуць таксама пачацца на перыферыі – там, дзе агрэсія не прывядзе да моцнай рэакцыі з боку Вашынгтона. Ужо вядома, што расейскія калядзяржаўныя хакеры актыўна працавалі супраць Украіны, Эстоніі і Грузіі.
У гэтым месяцы Чарнагорыя далучылася да НАТО – і таксама стала ахвярай расейскіх хакераў, піша польскі партал. Гэтым, паводле дадзеных кампаніі FireEye, займаецца хакерская група APT28.
Фармальна нейтральную Беларусь таксама паступова ўцягваюць у вайну – інтэрнет-дамен gomelbest.info, які паводле некаторых звестках знаходзіцца пад кантролем КДБ Беларусі, можа мець дачыненне да расейскай хакерскай атакі на дзяржаўныя ўстановы і аб’екты інфраструктуры Украіны.
Аляксандр Гелагаеў belsat.eu