На афіцыйнай старонцы прадстаўніцтва Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі ў Facebook з’явілася заява: маўляў, Беларусь робіць правільныя захады падчас эпідэміі COVID-19. Мы даведаліся, чаму арганізацыя лічыць, што ў Беларусі пакуль рана ўводзіць каранцін, і наколькі эфектыўна беларуская сістэма аховы здароўя спраўляецца з эпідэміяй.
У каментары «Белсату» старшыня офісу САЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў, што прыняцце кожнага захаду мусіць быць узважаным і грунтавацца на ацэнцы бягучай сітуацыі і рызыкі, а таксама на магчымых негатыўных наступствах.
«Мы не кажам, што каранцін – не важная мера. Закрыццё навучальных устаноў, адмена мерапрыемстваў і іншыя захады рэкамендуюцца пры ўспышцы некантраляванага распаўсюду вірусу ў грамадстве. Калі сістэма не ў стане справіцца з плынню хворых людзей і іхных кантактаў», – зазначае ён.
Паводле Бердыклычава, на дадзены момант у Беларусі такой стадыі няма. Ён кажа, што сістэма аховы здароўя перафарматавала працу, і зараз скіравана на ранняе тэставанне выпадкаў, ізаляванне і адсочванне кантактаў. Таму пакуль што атрымліваецца перадухіліць імклівы распаўсюд.
Паводле прадстаўніка САЗ, Беларусь і краіны Заходняй Еўропы маюць іншы падыход да аховы здароўя. На захадзе больш арыентуюцца на прафілактыку і ўмацаванне здаровага лада жыцця. У нас жа добра развітыя захады для санітарна-эпідэміялагічнага кантролю. Сістэма яшчэ з савецкіх часоў была створана так, каб эфектыўна змагацца з інфекцыйнымі захворваннямі.
«Яны не могуць праводзіць увесь комплекс мерапрыемстваў, як гэта робіць Беларусь. Вось таму ўвядзенне каранціну – варыянт для гэтых краінаў», – зазначае старшыня беларускага прадстаўніцтва САЗ.
Батыр Бердыклычаў кажа, што 36 выпадкаў (на раніцу 18 сакавіка было ўжо 46 выпадкаў) – не повад для ўвядзення каранціну.
«Эфектыўнасць гэтага захаду вельмі нізкая, але шкода – высокая, асабліва для эканомікі краіны. Увядзенне каранціну зараз, калі няма эпідэміялагічных паказнікаў, – халасты стрэл. Людзі стомяцца сядзець у хаце і пачнуць парушаць рэжым», – сцвярджае Бердыклычаў.
Але спадар Бердыклычаў зазначыў, што Мінздароўя і САЗ не супраць каранціну. Паводле яго, існуе пэўная планка. Калі Беларусь яе дасягне, будуць актывізаваныя неабходныя захады, у тым ліку і каранцін.
«Сапраўды, калі чуеш аб дзеянняў іншых краінаў, пачынаеш задумвацца: калі ўсе так робяць, можа быць мы недапрацоўваем? Але важна захоўваць спакойны і цвярозы позірк на гэтыя рэчы. Я бачу зараз дастаткова пісьменную ацэнку рызыкі і сітуацыі», – запэўнівае Бердыклычаў.
Але ў хуткім часе Беларусі прыйдзецца перагледзець стратэгію дапамогі – рэсурсы не бясконцыя. Магчыма, калі наша краіна пойдзе па шляху Скандынавіі і Вялікай Брытаніі, то на каранцін адпраўляюць толькі групы рызыкі, кажа Бердыклычаў.
«Беларусі таксама прыйдзецца абіраць прыярытэты: выбіраць, каго, напрыклад, тэставаць, каб скараціць расходы», – кажа прадстаўнік САЗ.
Ксенія Тарасевіч Belsat.eu