Фолк-панк калектыў «Dzieciuki» быў заснаваны ў Горадні яшчэ ў 2012 годзе, але за 7 год гурт толькі цяпер афіцыйна змог выступіць у родным горадзе. Раней гурт быў занесены ў так званы «чорны спіс» і вельмі доўга гарадзенскія панкі не маглі паўнавартасна выступаць у родным горадзе, а аматары творчасці калектыву вымушаныя былі ездзіць на замежныя канцэрты гурта, каб паслухаць «Дзецюкоў» жыўцом.
На канцэрце ў клубе «Crazy dog» было каля 200 чалавек, цешыла, што не толькі гарадзенцы прыйшлі на выступ калектыву. Павандраваць па старонках гісторыі Беларусі разам з гуртом прыехалі слухачы з Менску, Шчучына, Слоніму, Беластоку і Варшавы.
«Вельмі файная падзея для гарадзенцаў і для палякаў таксама, я адмыслова з сябрамі прыехаў з Польшчы на канцэрт «Дзецюкоў», нас прыехала 20 чалавек. Спадзяемся, што гэта не апошні канцэрт у Горадні», – падзяліўся ўражаннямі аматар творчасці гурта з Беластоку.
Для гарадзенскага канцэрту калектыў склаў адмысловую музычную праграму пад назваю «Пяршак», у якую ўвайшлі як песні з новага альбому – «Радыё Гародня», так і з папярэдніх дзвюх альбомаў: «Гарадзенскі гармідар» і «Рэха».
«Гэта быў проста самы круты выступ за апошні час, дзікая энергетыка, шалёныя эмоцыі, усё было цудоўна». «Было нечакана, было моцна, было шчыра і па-сяброўску. Шчыры дзякуй «Дзецюкам», – эмацыйна выказваліся гарадзенцы пасля канцэрту.
Гурт даўно хацеў даць канцэрт у родным горадзе, аднак, з невядомых прычынаў, дазволу на выступ доўга не давалі мясцовыя чыноўнікі, хаця ў іншых беларускіх гарадах калектыў выступаў вельмі актыўна: «Магчыма нашае чынавенаства больш сціплае, я не магу адказаць за іх, на жаль 7 гадоў мы афіцыйна не маглі выступіць», – разважае на гэты конт вакаліст гурта Алесь Дзянісаў.
Затое на гэтым канцэрце панавала не сяброўская, а нават, сямейная атмасфера: «Я іду праз натоўп людзей і з кожным вітаюся. Гэтым усё сказана, большасць хто прысутнічаў у залі – я з імі знаёмы. Гэта фантастыка. Для мяне гэта напэўна самы важны канцэрт у маім жыцці», – працягвае дзяліцца ўражаннямі пасля канцэрту Алесь Дзянісаў.
У бліжэйшых планах «Дзецюкоў» – наведаць з канцэртамі беларускія гарады, дзе яны яшчэ не гралі, і гэта не будуць абласныя цэнтры. Магчыма, гурт выступіць 2 лютага ў Менску на фестывалі «Узаемна» – у гонар дня народзінаў Кастуся Каліноўскага.
АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu