У Дзярждуме Расеі рыхтуюць да разгляду законапраект, мэта якога – увядзенне адмоўных ставак па ўкладах у замежнай валюце. На ўвядзенні адмоўных ставак па валютных дэпазітах настойвае Цэнтрабанк. Міністэрства фінансаў ужо падтрымала гэтую ідэю, піша newsru.
«Вядзецца пра дэпазіты ва ўсіх замежных грашовых адзінках», – цытуе словы кіраўніка камітэту па фінрынку Анатоля Аксакава газета «Известия».
Паводле словаў эканаміста распачаць абмеркаванне законапраекту дэпутаты плануюць у кастрычніку бягучага года.
Доля ўкладаў расейцаў у замежнай валюце расце з пачатку бягучага года. У выніку да пачатку восені яна дасягнула рэкордных за чатыры гады $ 95,5 млрд. На думку экспертаў, гэта звязана з паслабленнем курсу рубля, у выніку расейцы выкарыстоўваюць «ахоўныя» валюты для захаванасці сваіх зберажэнняў.
Новы законапраект аб адмоўных стаўках па валютных дэпазітах упісваецца ў новую ўрадавую эканамічную ініцыятыву ў межах дэдаларызацыі.
У сваю чаргу Нацбанк Беларусі здолеў змяніць сітуацыю дзякуючы сваэй макраэканамічнай палітыцы, чым павялічыў давер да беларускага рубля. Доля дэпазітаў у нацвалюце ў нашай краіне цягам апошняга году вырасла больш чым на 20 %.
СК belsat.eu