Расейскаму актору Міхаілу Яфрэмаву пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі

Супраць вядомага расейскага актора Міхаіла Яфрэмава распачатая крымінальная справа, яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У выніку ДТЗ, якое здзейсніў у цэнтры Масквы Міхаіл Яфрэмаў, загінуў чалавек. Як піша «РИА Новости», трагедыя здарылася 8 чэрвеня каля 21:44 на Смаленскай плошчы. Міхаіл Яфрэмаў на аўтамабілі Jeep Grand Cherokee выехаў на паласу сустрэчнага руху і здзейсніў сутыкненне з невялікім фургонам. Кіроўца фургона 1963 года нараджэння быў шпіталізаваны і раніцай 9 чэрвеня памёр у лякарні.

Маскоўская паліцыя паведамляе, што Яфрэмава затрымалі на месцы ДТЗ і накіравалі на медычны агляд на прадмет наяўнасці алкаголю ў крыві. Спачатку была распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 264 Крымінальнага кодэксу Расеі (парушэнне правілаў дарожнага руху, здзейсненае ў стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага шкоды здароўю чалавека). Але пасля смерці кіроўцы фургону справу перакваліфікавалі на пункт «а» ч. 4 артыкулу 264 КК. Артысту цяпер пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У сеціве зʼявілася відэа, на якім Яфрэмаў адразу пасля інцыдэнту кажа: «Я вінаваты». Падчас здарэння артыст быў пʼяны. Паводле Baza, экспертыза паказала ў яго 2,1 праміле алкаголю. Пазней Яфрэмава вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, піша «Медуза».

  • Міхаілу Яфрэмаву 56 гадоў. Ён заслужаны артыст Расеі, папулярны актор, які зняўся ў дзясятках фільмаў. Быў адным з нямногіх расейскіх дзеячаў мастацтва, якія не падтрымалі палітыку Крамля адносна Украіны ў 2014 годзе. У 2011 годзе Яфрэмаў выказваўся ў падтрымку беларускіх палітвязняў і падпісаў паштоўку Змітру Дашкевічу.

ІІ belsat.eu

Hавiны