«Радыяцыя – фігня ў параўнанні з сістэмаю». Як жывуць Хойнікі праз 33 гады пасля чарнобыльскай катастрофы


Карэспандэнт belsat.eu выправіўся ў Хойнікі, каб паглядзець, як жывуць людзі ў адным з найбольш пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы раёнаў, і даведацца, што сёння сапраўды турбуе мясцовых жыхароў.

Хойніцкі раён Гомельскай вобласці больш за астатнія пацярпеў у выніку аварыі на ЧАЭС. Частка тэрыторыяў трапіла ў гэтак званую зону адчужэння, тысячы людзей былі прымусова адселеныя. Насельніцтва раёну з таго часу скарацілася больш як удвая. Насельніцтва Хойнікаў – амаль на траціну. Цяпер там жывуць каля 12,5 тысячаў чалавек.

Помнік выселеным вёскам, Хойнікі
Помнік выселеным вёскам, Хойнікі

Зона адчужэння знаходзіцца зусім блізка ад Хойнікаў. Напрыклад, вёска Бабчын, выселеная пасля катастрофы, размяшчаецца ўсяго ў 12 кіламетрах на поўдзень ад райцэнтру. Аднак у саміх Хойніках мала што нагадвае пра Чарнобыль. Вонкава гэтае мястэчка выглядае не горш за іншыя правінцыйныя гарады Беларусі. А, магчыма, і лепей за некаторыя. Чысціня і парадак тут узорныя нават па беларускіх мерках, горад літаральна блішчыць. Дамы, платы, бардзюры і лаўкі на цэнтральных вуліцах пафарбаваныя зусім нядаўна. Дрэвы і газоны акуратна падстрыжаныя. Мясцовыя жыхары тлумачаць: тут не заўсёды так было, Хойнікі адмыслова ўпрыгожылі да 9 траўня.

На пытанне, якія наступствы Чарнобыльскай катастрофы ў Хойніцкім раёне адчуваюцца сёння, людзі сталага веку адказваюць адназначна: хварэць сталі часцей, здароўе істотна пагоршылася.

«Людзі паміраюць, а гэтага нібыта ніхто не заўважае. Кажуць улады, што ў нас цяпер усё выдатна. Але на самой справе… Ну ды Бог ім суддзя!» – адмахваецца бабуля.

Мясцовыя не любяць шмат разважаць пра радыяцыйнае забруджванне. Для іх гэта – сумная частка жыцця, на якую яны стараюцца не звяртаць увагі.

«Мы звыкліся. Ямо тое, што даюць, што самі вырошчваем на агародах. Усё ямо. Ніякіх радыяцыйных замераў не робім. Дый смешна пра гэта разважаць. Гэта, мабыць, прыезджыя пра радыяцыю думаюць – а нам што? Мы тут усё жыццё жывем. Па грыбы ды ягады людзі яшчэ хадзіць пабойваюцца, прынамсі некаторыя – у газетах жа пішуць, што нельга. А ў астатнім людзі прызвычаіліся», – разважае жанчына на аўтавакзале.

Адзін з першых прыпынкаў на ўездзе ў Хойнікі

Вельмі часта людзі ў адказ на пытанні пра радыяцыю проста жартуюць: выглядае на тое, што ў жыхароў Хойнікаў ёсць нешта кшталту франтавога гумару. «Наступства радыяцыі? Вось грамадскіх прыбіральняў нідзе няма. А куды хадзіць, калі трэба?» – смяецца прадавачка кветак. «А вось глядзіце, ідзе чалавек, – ківае жанчына з прадуктовай крамы на мужчыну ў моцным падпітку, – Ужо паўгадзіны ідзе. Відаць, прачысціўся ад радыяцыі і пайшоў кудысьці. Але ніяк не можа дайсці».

Шмат хто ў Хойніках мае прыватныя падворкі і вядзе свой агарод. Некаторыя шчыра прызнаюцца: гэта іх сродак выжывання, бо асноўных заробкаў не хапае. Хаця Хойніцкі раён і не ўваходзіць у топ самых бедных раёнаў краіны, але ж да абяцаных 1000 рублёў вельмі далёка. Сацыяльная незабяспечанасць турбуе сёння гараджанаў куды больш, чым радыяцыя. «Буйных прамысловых прадпрыемстваў тут няма. Заробкі нізкія, працу не знайсці. Моладзь дык толькі і думае, каб з’ехаць», – сумна каментуе адзін з нашых суразмоўцаў.

Гарадскі парк у Хойніках

«Не хачу тут заставацца»

Дарэчы, моладзь пра радыяцыю амаль не ўзгадвае. Калі людзі сталага ўзросту скардзяцца на тое, што аварыя на ЧАЭС сапсавала ім здароўе, то для моладзі гэтая катастрофа далёкая. «Ніякіх наступстваў катастрофы мы не адчуваем, – кажа дзяўчына, якая вучыцца на цырульніцу. І дадае: галоўная праблема для моладзі ў Хойніках значна прасцей – ім няма куды схадзіць. Кінатэатру ў горадзе няма, кавярні можна пералічыць па пальцах адной рукі.

«Будучыня для мяне – Гомель або Менск. Не хачу тут заставацца», – прызнаецца дзяўчына.

З буйных гандлёвых сетак у Хойніках ёсць толькі «Еўраопт». У астатнім – маленькія дзяржаўныя крамы з абмежаваным асартыментам. Мясцовыя скардзяцца: цэны на прадукты нават у «Еўраопце» значна вышэй, чым у буйных гарадах. Праз гэта некаторыя гараджане ездзяць закупацца ў Мазыр, Калінкавічы або Гомель.

Яшчэ адна праблема Хойнікаў – кепская транспартная сувязь з іншымі населенымі пунктамі. Напрыклад, з Менску наўпрост у Хойнікі немагчыма трапіць ні на чыгунцы, ні на маршрутным таксі. Ёсць толькі адзін штодзённы аўтобусны рэйс, які прыбывае ў 18.10. (у дарозе амаль 6,5 гадзінаў). Але яшчэ больш праблематычна з Хойнікаў з’ехаць: мясцовая аўтастанцыя зачыняецца ў 18.30. Працуюць, праўда, прыватныя службы маршрутных таксовак, аднак і ў іх колькасць і напрамак рэйсаў абмежаваныя. Пасля 19 гадзінаў з’ехаць можна хіба толькі ў Гомель.

Аўтастанцыя ў Хойніках

«Хойнікі – гэта такое месца, якое цяжка пакінуць.Зацягвае», – смяецца адзін з нашых суразмоўцаў.

«Есць фільм «Дурань» Юрыя Быкава – вось тут ты бачыш тое самае»

«Калі мы ехалі сюды, то не думалі – вось, Чарнобыльская зона, гэта небяспечна. Я ж сама з Гомля, гэта 100 кіламетраў адсюль – якая тут розніца ў сэнсе радыяцыі? Насамрэч радыяцыя – гэта не галоўная праблема ў Хойніках. Галоўная праблема – сістэма. Радыяцыя – фігня ў параўнанні з тым, што цябе кожны дзень цкуюць і абражаюць», – распавядае ветэрынар Ганна Шамянкова.

Ганна Шамянкова

Калі большасць жыхароў гораду ў Хойніках нарадзіліся і выраслі, то Ганна трапіла сюды з буйнога абласнога цэнтру і трапіла свядома. Нарадзілася яна ў Гомлі, потым вучылася ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. На апошніх курсах пазнаёмілася са сваім будучым мужам Антонам, які ў той час ужо працаваў па размеркаванні ў Хойніках. Паколькі з факультэту Ганну на размеркаванне накіравалі б усё роўна ў які-небудзь калгас, то маладая пара вырашыла: лепш ужо тады папрасіцца ў Хойнікі, каб не разлучацца. Ганна ў выніку ўладкавалася галоўным ветэрынарным лекарам на аграпрамысловае прадпрыемства «Эксперыментальная база «Стралічава» (вёска Стралічава знаходзіцца прыкладна ў 8 кіламетрах ад Хойнікаў).

Умовамі працы Ганна была шакаваная. Спачатку яе прымушалі працаваць 7 дзён на тыдзень, потым усё ж атрымалася дамагчыся 6-дзённага графіка. Паколькі Ганна – адзіны ветэрынар на прадпрыемстве, ёй трэба наведваць усе 5 фермаў, што ўваходзяць у «Эксперыментальную базу «Стралічава». Некаторыя з іх знаходзяцца на значнай адлегласці, але ні транспарту, ні паліва, ні грошай на паліва ёй не выдаюць. У выніку ад фермы да фермы Ганну вымушаны вазіць на ўласным аўтамабілі ейны муж, знаходзячы свабодны час у сваім працоўным графіку.

«А мне кажуць: калі не маеш на чым ехаць – хадзі пешшу. Ага, 30 кіламетраў, нават зімой. Але такі прынцып: не зрабіў нешта – твае праблемы», – распавядае яна.

Акрамя таго, маладому спецыялісту не далі жылля ні ў Стралічаве, ні ў Хойніках. Спачатку прыйшлося жыць у кватэры, якую дзяржава дала мужу.

«Але назваць гэта кватэрай нельга. Усе гнілое, праблемы з вадой, бегаюць пацукі. Вокны часткова пабітыя, у кватэры холадна – даводзілася спаць у вопратцы. Дзверы ўваходныя не зачыняюцца. Калі мы сыходзілі, даводзілася проста вешаць свірнавы замок», – распавядае Ганна.

Неглядзячы на ўсе скаргі, жыллём маладога спецыяліста дзяржава не забяспечыла дагэтуль – знайсці кватэру ў выніку дапамаглі сваякі.

Ганна Шамянкова

Стасункі з начальствам у Ганны з самага пачатку не склаліся. Маючы вышэйшую адукацыю, яна старалася выконваць свае абавязкі паводле тэхналогіяў, як яе і вучылі ў ВНУ. Аднак кіраўніцтва тэхналогіі не цікавяць. А паколькі многія дакументы нельга зацвердзіць без подпісу ветэрынарнага лекара – узнікаюць пастаянныя канфлікты. Часта гэта суправаджаецца хамствам і абразамі. Скаргі вышэйшаму кіраўніцтву ні да чаго не прыводзяць.

«Гэта нейкі жах. Есць фільм «Дурань» Юрыя Быкава – вось тут ты бачыш тое самае. Ты бегаеш, хочаш распавесці, што хтосьці штосьці няправільна робіць. А гэта і так усе ведаюць, адзін аднога пакрываюць. Гэта сістэма. Тут патрэбныя не маладыя спецыялісты, а бясплатная працоўная сіла. Трэба закрыць рот, працаваць 7 дзён на тыдзень і падпісваць дакументы, за якія потым цябе могуць пасадзіць», – разважае Ганна.

На бюракратыю скардзіцца не толькі Ганна. Як распавядалі belsat.eu іншыя жыхары гораду, пасля разносу, які зладзіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання аграхолдынгу «Купалаўскі» на Магілёўшчыне, мясцовыя чыноўнікі са страхам чакаюць кіраўніка дзяржавы ў свае гаспадаркі. Кажуць, цяпер калгасы Хойніцкага раёну сталі масава закупаць скрабкі, каб чысціць кароваў.

Hавiны
«Яна ж уся абасраная!» Лукашэнка абараніў кароў ад чыноўнікаў
2019.03.26 17:01

«Людзі працуюць па 7 дзён на тыдзень»

Танк-помнік у Хойніках

Ганна Шамянкова спрабавала пераразмеркавацца. Яе гатовыя былі ўзяць на працу ў ветэрынарную лабараторыю ў Гомель. Пагадзіліся на перавод і ў акадэміі, на прадпрыемстве ў Стралічаве. Аднак Гомельскі аблвыканкам адмовіў. «Сказалі: а чым вы лепш за іншых? Тут таксама спецыялісты патрэбныя», – прыгадвае яна.

«Пазбегнуць адпрацоўкі па размеркаванні можна, калі выплаціш грошы за навучанне – а гэта 10 тысяч долараў. Я чула пра выпадак, калі хлопец узяў крэдыт у банку і выкупіў сваю дзяўчыну з размеркавання. Але я лепш руку сабе адкушу, чым дам грошы гэтай дзяржаве», – прызнаецца Ганна.

Заробак Ганны – каля 700 рублёў. Дзяўчына канстатуе: грошы нармальныя ў параўнанні з заробкамі іншых маладых спецыялістаў. «Я ў прынцыпе задаволеная заробкам», – кажа яна. Значна больш цяжка шараговым працаўнікам – тым жа даяркам у калгасе.

«Я ж бачу, як людзі ўкалываюць. Даяркі прыходзяць а 5-й раніцы, працуюць па 7 дзён на тыдзень. У месяц ім даюць у лепшым выпадку два-тры выходных. І за гэта плацяць 200-300 рублёў. Некаторым праз штрафы – 150. Я нават не разумею, як яны жывуць за гэтыя грошы і калі яны спяць. Але паколькі Лукашэнка высунуў геніяльную ідэю «больш нараджаць», многія проста пачынаюць нараджаць. За дзіцяці даюць добрыя грошы, яны за іх і жывуць. У некаторых – па 8-9 дзяцей», – распавядае Ганна.

Дарэчы, па стане на 2018 год у Хойніках – самы высокі каэфіцыент нараджальнасці ў Беларусі (17,6 на 1000 чалавек), ён значна вышэй, чым сярэдні па краіне.

Помнік Леніна і будынак мясцовага райвыканкаму

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў