Пытанне Беларусі не знята з парадку дня і інтэграцыйная вайна будзе працягвацца

Павел
Усаў
Беларускі палітолаг і аналітык, доктар палітычных навук

Пуцінскія гульні з перасоўваннямі ва ўладзе і перамяшчэннем ўлады, не маглі не закрануць праблему, звязаную з паглыбленай інтэграцыяй. Да апошняга часу лічылася, што фарміраванне палітычнай надбудовы саюзнай дзяржавы з’яўляецца магчымым планам падаўжэння пуцінскага кіравання, праз увядзенне і атрыманне ім пасады кіраўніка саюза Беларусі і Расеі.

Шэраг беларускіх публіцыстаў і аналітыкаў лічаць, што менавіта жаданне захаваць і пашырыць ўладу праз Саюз з Беларуссю, штурхала Маскву на рэалізацыю ідэі «паглыбленай інтэграцыі». У сваю чаргу, «інтэграцыйны крызіс» стаў прычынай палітычнай канфрантацыі паміж Менскам і Масквой і энергетычных войнаў, якія доўжацца дагэтуль. Зыходзячы з гэтай логікі, пасля таго, як Пуцін агучыў іншы сцэнар па захаванні ўлады ў сваіх руках, патрэба ў інтэграцыі адпала сама сабой, а значыць пагрозы для суверэнітэту краіны ўжо няма.

На мой погляд, становішча рэчаў не выклікае аптымізму.

Па-першае, спроба звесці працэс «паглыбленай інтэграцыі» выключна да «праблемы 2024 года» – вельмі небяспечнае спрашчэнне працэсаў, у якіх ігнаруецца палітыка, якая праводзіцца Масквой з 2008 года. Агульная сутнасць гэтай палітыкі заключаецца ў падрыве дзяржаўных і тэрытарыяльных асноваў былых савецкіх рэспублік. Таму інтэграцыя з’яўляецца не інструментам, а мэтай.

Уладзімір Пуцін выступае з пасланнем Федэральнаму Сходу. Падчас выступу прэзідэнт РФ ні разу не згадаў Беларусь. Фота Mikhail Klimentyev / Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

Па-другое, магчыма, што суперпрэзідэнцтва ў рамках Саюзнай Дзяржавы і было ў планах Крамля, але яно магло разглядацца толькі як адзін са сцэнарыяў. Праблема ў тым, што рэакцыя на пуцінскія прапановы такая, нібы яны былі імгненнымі і спантанымі, і што гэта кардынальным чынам мяняе ўсе прыярытэты Масквы. Аднак гэта не так. Агучаны сцэнар рыхтаваўся і аналізаваўся задоўга да выступлення Пуціна перад Федэральным Сходам. Ён распрацоўвалася ў перыяд інтэграцыйнага ультыматуму Беларусі (можа быць цягам усяго 2019 году), сочынскіх сустрэч і заяў аб 31 карце. Таму магчымыя перамяшчэнні ўлады і інтэграцыя –рэчы, якія не ўзаемавыключаюць сябе , але узаемадапаўняюць.

Пуцін ад нас адвязаўся. І гэта кепска

Прапрацоўка механізмаў пераразмеркавання ўладных паўнамоцтваў зусім не мяняе знешнепалітычнай стратэгіі Расеі ў дачыненьні да суседзяў, а гэта значыць, што пагроза для Беларусі не знікла.

Па-трэцяе, цалкам ясна, што курс знешняй палітыкі фарміруецца Пуціным, які нікуды не сыходзіць, перасоўванне ва ўладзе будзе адбываецца не заўтра, яно прызначана на 2024 год. Пры гэтым, на сённяшні дзень не ясна які фармат пераходу будзе абраны. Такім чынам, на працягу наступных 4 гадоў (а гэта вялікі тэрмін) палітыка Расеі ў дачыненні да Беларусі наўрад ці будзе мяняцца.

Старшыня Дзяржаўнай Думы РФ Вячаслаў Валодзін і новы прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін. Фота Anton Novoderezhkin / TASS

Па-чацвёртае, ўнутраныя праблемы сацыяльна-эканамічнага характару будуць больш актыўна падштурхоўваць Маскву да знешняй экспансіі. Да таго ж, статус Пуціна як вялікага і паспяховага палітыка і мандат на пажыццёвае прэзидэнцтва неабходна падмацоўваць новымі гучнымі перамогамі. Да ўсяго іншага, ўнутрырасейскія канстытуцыйныя маніпуляцыі не выключаюць працэсу будаўніцтва палітычна адзінай дзяржавы Беларусі і Расеі. Нішто не перашкодзіць Пуціну пераскочыць з новай пасады на пасаду кіраўніка Саюзнай Дзяржавы, калі будзе такая неабходнасць. Пуцін паказаў, як лёгка можна змяніць парадыгму, цягам дня арганізаваць маштабныя перастаноўкі ўнутры краіны.

Гэта значыць, што пытанне Беларусі не знята з парадку і інтэграцыйная вайна будзе працягвацца, нават з той простай прычыны, што войны ўжо даўно з’яўляюцца логікай знешняй палітыкі Расеі. У сваю чаргу праблемы для Расеі пачынаюцца тады, калі яна пачынае цярпець крах у сваёй знешняй экспансіі.

Павел Усаў: Падпісанне ўсіх дарожных мапаў – гэта забойства беларускай дзяржавы

Павел Усаў/АА belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў