«Ніхто акрамя нас», англасаксы і страшныя 1990-я. Што казаў Лукашэнка «Усебеларускаму сходу»


Аляксандр Лукашэнка 24–25 красавіка склікае чарговы «Усебеларускі народны сход». Сёлета – у новым статусе «канстытуцыйнага органу». Удзельнікаў ахоўваюць па тры міліцыянты на чалавека. Праграма вядомая толькі прыблізна.

Аляксандр Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе
Аляксандр Лукашэнка на «Усебеларускім народным сходзе». Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

«Усебеларускі сход» праходзіць у менскім Палацы Рэспублікі. Ад 10 раніцы перад палацам не спыняецца грамадскі транспарт. Час пачатку і заканчэння не былі загадзя анансаваныя, праграма выступаў і поўны спіс тэмаў і выступоўцаў невядомыя.

Сход адкрыўся выступам Аляксандра Лукашэнкі.

Што казаў Лукашэнка

Выступ Лукашэнкі трываў 76 хвілінаў. Пераказваем асноўныя напрамкі прамовы.

Гістарычны застой. Лукашэнка пачаў выступ з таго, што назваў сход «па-сапраўднаму гістарычным днём», і хоць казаў пра «падзел на „да“ і „пасля“», распавядаў таксама пра «эвалюцыйнае развіццё, не ламаўшы ўкладу», «без рэзкіх рухаў». Ён адзначыў, што «заходнія лібералы» не прымаюць ягоную мадэль развіцця, але дадаў, што «не адмаўляе, а інтэгруе прагрэсіўныя формы заходнееўрапейскай дэмакратыі». Лукашэнка назваў сход «славянскім веча», якое цяпер «стаіць вышэй за іншыя галіны ўлады»: «Мы не адмовіліся ад савецкіх дэмакратычных традыцыяў, дапоўніўшы іх сучаснымі, адпаведнымі духу нашага перыяду».

Вінаватыя англасаксы. Пасля гэтага Лукашэнка стаў распавядаць пра Другую сусветную вайну і крытыкаваць саюзныя войскі за дзеянні ў канцы вайны, як то бамбаванне Дрэздэну і скідванне атамных бомбаў на Японію. Ад гэтага перайшоў да шкадавання аб тым, што цяпер стала з Лівіяй (дзе быў забіты паўстанцамі ягоны сябра, дыктатар Муамар Кадафі) і Сірыяй, намякнуў на тое, што тэракты «Ісламскай дзяржавы» і распальванне вайны між Іранам і Ізраілем выгадныя «англасаксам» – Злучаным Штатам і Злучанаму Каралеўству. Але разам з тым «гегемон губляе сваю гегемонію», таму і развязвае войны, лічыць Лукашэнка. Літве, Латвіі і Эстоніі, дадаў ён, «дорага абыходзіцца» незалежнасць і супрацьстаянне Расеі, а вось Польшча і Фінляндыя здабылі незалежнасць, дзякуючы СССР. Украіну ж разрабавалі алігархі, а Майдан (Рэвалюцыя годнасці) стаў вынікам бандыцкіх разборак і правакацыяў амерыканскіх агентаў, не адзін Валодзя Зяленскі (як назваў Лукашэнка прэзідэнта Украіны) вінаваты – да яго «ўсе дзялілі, рабавалі».

«Усебеларускі народны сход». На трансляцыі дзяржаўных медыяў нібы наўмысна паказвалі дэлегатаў, якія сумавалі, цяжка ўздыхалі ці выціралі пот. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Беларусы не маюць суб’ектнасці. У 2020 годзе беларусы, па словах Лукашэнкі, «паглядзелі на сябе», «пабачылі сапраўдны твар унутраных і вонкавых ворагаў», «вывучылі метадычку вашынгтонскага абкаму». У тое, што беларускае грамадства само паўстала супраць яго і нават што само сабралася на дваровыя акцыі, Лукашэнка адмаўляецца верыць: «Не было рэальных сацыяльных прычынаў да мяцяжу і рэвалюцыйных настрояў». Жыць сталі «небагата, але лепш за ўзровень чаркі-шкваркі». А пакуль пратэставалі тыя, хто «не трымаў у руках нічога цяжэй за камп’ютарную мышку», у NATO «паціралі рукі і рыхтаваліся да ваеннай інтэрвенцыі», «не выстаялі б тады, натаўскія ястрабы былі б ужо пад Смаленскам». Але, у адрозненне ад Украіны, выстаялі – «любімую не аддаюць».

Кітай перадусім. Калі Захад хоча застацца адным з цэнтраў сілы, казаў Лукашэнка, хай вучыцца ў старадаўняга Кітаю, «узору яднання нацыяў без шкоды нацыянальным культурам». Ад гэтага ён перайшоў да таго, што цяпер Кітай «прапануе праект справядлівай пабудовы свету», і цяпер Кітай «ператвараецца ў першую эканоміку свету». У канфлікце вакол Тайваню Лукашэнка вінаваціць не камуністычны Кітай, які плануе напад, а Злучаныя Штаты, якія «шантажуюць паслугамі міратворца». Але, кажа Лукашэнка, амерыканцы не зразумелі, што не справяцца з саюзам Расеі і Кітаю, таму вырашылі «патапіць Расею ў вайне з Украінай», каб быў час «разабрацца з Кітаем». І ЗША не падабаецца, калі «непаслухмяныя» еўрапейцы спрабуюць супрацоўнічаць з Кітаем, перакананы Лукашэнка.

Гэта не мы агрэсары, гэта ўсё амерыканцы. Лукашэнка заявіў, што Беларусь на заходніх межах «твар у твар стаіць з NATO», якое будуе «пояс стрымлівання» дзеля абароны нібыта супраць мігрантаў з беларускай тэрыторыі. Але тыя натаўцы, казаў Лукашэнка, не бароняць мяжу, а «калечаць, забіваюць, потым падкідваюць трупы і калекаў нам». Немцы збіраюцца разгарнуць фармаванне брыгаднага ўзроўню, бо «немцы нічога так і не зразумелі» па выніках Другой сусветнай вайны. Па словах Лукашэнкі, еўрапейскія лідары цяпер прымаюць рашэнні «пад прыцэлам аўтаматаў амерыканскай групоўкі». А раз ЗША мадэрнізуюць сваю тактычную ядравую зброю, размешчаную ў тым ліку ў Еўропе, «да нас якія пытанні» па размяшчэнні ў Беларусі расейскай ядравай зброі? Гэта Захад «хоча ўцягнуць у вайну», «правакуюць нас» мадэрнізацыяй узбраенняў, таму будзем «сіметрычна нарошчваць баявую магутнасць». Пры тым Лукашэнку абурае, што яго не запрашаюць на міжнародныя форумы, не хочуць выслухаць.

Удзельніца «Усебеларускага народнага сходу»
Удзельніца «Усебеларускага народнага сходу» Наталля Глінская, на прычоску якой звярнулі ўвагу ў сацыяльных сетках. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Ніякага паглынання Расеяй. Лукашэнка назваў Беларусь моцнай і суверэннай дзяржавай, якая інтэгруецца з Расеяй, бо «час падштурхнуў». З Расеяй хочуць дасягнуць «тэхналагічнага суверэнітэту ў межах саюзу, захаваўшы нацыянальны інтарэс». Лукашэнка падкрэсліў наконт саюзу з Расеяй: «Ніякага гвалту, ніякага паглынання». Таксама ён пахваліў ЕАЭС, ШАС, BRICS – вунь колькі месца на мапе займаюць дзяржавы-чальцы! Месца Беларусі «менавіта там», казаў Лукашэнка, згадаўшы «Глабальны Поўдзень», які супрацьстаіць «беламу ўладару».

«Паспяховая» эканоміка з агаворкамі. Мы «ніколі не жылі так добра, як цяпер», казаў Лукашэнка. Маглі б і лепш, але не маем таго, што маюць Эміраты ці Расея. Але рэальныя грашовыя даходы цяпер у 10 разоў вышэй за сярэдзіну 1990-х – Лукашэнка адзначыў, што многія скажуць: за 30 гадоў у 10 разоў – не так і шмат. Прызнаў, што санкцыі стрымалі рост эканомікі, а без іх быў шанец разбагацець. Але не ва ўсіх, таму, казаў Лукашэнка, не дапускалі расслаення на багатых і бедных, «мы гэта зрабілі, як умелі і як маглі». Лукашэнка сказаў, што ганарыцца тым, як «адвялі краіну ад прорвы» з улікам «геапалітычных рызыкаў»: распавядаў, як раней «бананы і мандарыны бачылі раз на год» і не будавалі лякарняў, як цяпер шмат машынаў у беларусаў (у тым ліку «беларускіх», «пры падтрымцы» Кітаю) і як «дабіліся поспеху ў сакральнай тэме нараджэння малышоў». Пра тое, што да тых бедных 1990-х прывёў глыбокі крызіс савецкай сістэмы, Лукашэнка не згадаў. Затое хваліў БелАЭС і Нацыянальную бібліятэку, лядовыя палацы і добрыя дарогі, параўнаў надзейнасць трактароў МТЗ з аўтаматам Калашнікава (пастаянныя ўзгаранні тэхнікі «Белкамунмашу» не згадаў. Сарваў авацыі на згадцы першай беларускай касмічнай турысткі.

Міф пра 1990-я становіцца ўсё страшнейшым. Лукашэнка падкрэсліваў, як важна, каб было бяспечна. Распавядаў: «Памятайце 1990-я, калі, перайшоўшы мяжу пад Смаленскам, амаль усе не даязджалі да мяжы пад Берасцем», «ветэраны Вялікай айчыннай вайны з ардэнамі і медалямі баяліся выйсці на вуліцы, гэта ж было на вашых вачах». Таму ў 1990-я «мы жорстка і хутка разабраліся з бандытызмам». І тыя, хто цяпер з’ехаў у Еўропу і Амерыку, ацэньваюць гэтае дасягненне, бо «мы бачым, што там тварыцца на вуліцах». І зрабілі гэта ўва многім дзякуючы развіццю эканомікі, таму большасць ведае пра дзейнасць тэрарыстычных арганізацыяў, незаконных узброеных фармаванняў і масавыя беспарадкі толькі па фільмах. «Калі не хочам сядзець у акопах, мы мусім працаваць адказна», – наказаў Лукашэнка.

«У нашай радзімы акрамя нас нікога няма. Толькі мы ведаем, якой мусіць быць будучыня Беларусі, якой мае быць нашая краіна, як зрабіць яе мацнейшай. Толькі мы гэта ведаем і ніхто іншы!» – казаў Лукашэнка.

Ён прызнаў: было цяжка, будзе не лягчэй, але «будзе цікава», «трэба выстаяць», бо «час выбраў нас».

Удзельнікі «Усебеларускага народнага сходу»
Удзельнікі «Усебеларускага народнага сходу». Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube
Меркаванні
Насустрач з’езду
2024.04.24 11:45

Што за сход

Вядома, што дэлегатамі выбралі 1200 чалавек, але тыя выбары прайшлі без удзелу звычайных беларусаў (сход праводзяць пад лозунгам «Время выбрало нас»). Але, паводле дзяржаўных медыяў, на сход даехалі 1159 дэлегатаў (анансавалі 1162) і 700 госцяў без права голасу.

Сход мае выбраць Прэзыдыум, гэткае «палітбюро», кандыдатаў ужо прызначылі: старшыня лукашэнкаўскага Саюзу жанчын і экс-старшыня Нацбанку, старшыня Берасцейскага аблвыканкаму і намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму, дырэктар «Віцебскаблгазу» і дырэктар «Гомельскага хімічнага заводу», дырэктар РНПЦ анкалогіі і рэктар БДУІР, суддзя Вярхоўнага суду, а таксама былы міністр аховы здароўя (часоў пачатку пандэміі) Уладзімір Каранік, які цяпер займае пасаду старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму. Мусяць таксама выбраць старшыню сходу – невядома, ці будзе гэта Лукашэнка, але яго высунулі як кандыдата.

Абноўлена. Старшынём сходу выбралі Лукашэнку. Ён быў адзіным кандыдатам. За яго прагаласавалі 1157 дэлегатаў з 1158.

Агляд
Столькі хайпу, а прапагандыст заснуў. Крынж лукашэнкаўскага «Усебеларускага сходу»
2024.04.24 18:39

Усебеларускі народны сход як канстытуцыйны орган улады мае ўносіць прапановы ў зменах у Канстытуцыю, развязваць пытанні легітымнасці выбараў, прымаць рашэнні пра змяшчэнне прэзідэнта ці ўвядзенне ваеннага становішча, прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Чакаецца, што дэлегаты сярод іншага разгледзяць новую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі.

Лукашэнка праводзіў «Усебеларускі сход» з 1996 года, але да зменаў у Канстытуцыю 2022 года гэты сход не меў аніякіх паўнамоцтваў і быў простай трыбунай для выступаў Лукашэнкі.

Разбор
У Беларусі фармуецца УНС. Топ-7 простых пытанняў пра новы дзяржаўны орган
2024.04.16 06:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў