Пятру Маркелаву дазволілі атрымаць перадачу, але дагэтуль не пускаюць адваката


Маці актывіста Ірына Чатырка паведаміла ў Facebook, што ахоўнікі дазволілі Пятру прыняць рэчы ад сваякоў.

Жанчына напісала, што спачатку перадачу прынесла цётка хлопца. Прадукты прынялі, праверылі дакументы, але пазней адмовілі. Тады перадачу паспрабавала аднесці бабуля Пятра.

«У бабулі перадачу спачатку не хацелі прымаць. Сказалі, што Пеця адмаўляецца ад перадач. Але яна папрасіла патэлефанаваць і сказаць, што прыехала бабуля. Праз некаторы час дзверы адкрылі і ўзялі».

Гэта ўжо трэці дзень, калі адвакат Альвіна Мінгазава стаіць пад дзвярыма Акрэсціна і не можа патрапіць да Пятра Маркелава. Ужо пяць дзён невядома, што з ім адбываецца.

Раней адвакатцы гаварылі, што ўсе пакоі для сустрэчаў адваката з затрыманымі занятыя. Таксама супрацоўнікі Менскай гарадской пракуратуры і пракуратуры Маскоўскага раёну адмовіліся дапамагчы спраўдзіць стан затрыманага актывіста.

  • Падчас парламенцкай кампаніі Пётр Маркелаў быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блоку» Стаса Шашка. Як давераная асоба, Маркелаў скарыстаўся магчымасцю назіраць за выбарамі – на 286-м участку 99-й акругі. Пасля таго, як ён стаў здымаць на відэа патрабаванне Шашка пералічыць пададзеныя за яго галасы, на ўчастак прыехаў нарад міліцыі.
  • 9 снежня суддзя Маскоўскага раённага суду Таццяна Матыль асудзіла Пятра Маркелава на 14 содняў арышту за відэаздымку падліку галасоў на выбарчым участку.
  • 12 снежня з маці Пятра Маркелава звязаўся чалавек, які сядзеў з ім у адной камеры. Хлопец паведаміў, што Пётр на Акрэсціна знаходзіцца ў цяжкіх умовах: у камеры антысанітарыя і вошы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў