Пракуратура Менскай вобласці адказала на зварот барысаўскага праваабаронцы Алега Мацкевіча, які прасіў правесці праверку па факце трагічнай гібелі жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча ў вайсковай часці, што знаходзіцца ў Пячах.
Як вынікае з адказу, дасланага старшым пракурорам аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войсках пракуратуры вобласці Д. Кузняцовым, пракуратура правяла адмысловую праверку наконт смерці ў Пячах.
«Пракуратурай вобласці праведзеная пракурорская праверка, у ходзе якой, апрача іншага, выяўленыя парушэнні заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў і суіцыдальных выпадкаў сярод вайскоўцаў. Па выніках праверкі правамоцнаму камандаванню ўнесена прадстаўленне, у якім патрабавана прыняць меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў і недапушчэнні іх у будучым, пастаўлена пытанне аб прыцягненні шэрагу службовых асоб да адказнасці», – паведамляецца праваабаронцу.
Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.
Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У СК сцвярджаюць, што на целе 21-гадовага Коржыча не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі.
Па стане на 1 лістапада па крымінальнай справе аб гібелі Коржыча прад’яўлена абвінавачванне 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх – адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных.
ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org