Пра чалавека, які быў моцным

4 студзеня споўнілася пяць гадоў з дня смерці Васіля Лявонава. Ён сышоў назаўсёды ў 2015 годзе.

Васіль Севасцьянавіч пражыў вялікае і складанае жыццё. Ён сам распавёў пра яго ў кнізе з паказальнай назвай «Праца над памылкамі». І пачаў яе ён таксама паказальна – з гісторыі свайго знаёмства з будучым прэзідэнтам Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў усё, каб зламаць былога першага сакратара Магілёўскага абкама кампартыі. Для яго гэта было, як можна здагадвацца, прынцыпова важна.

Таму і артыкул у крымінальным кодэксе знайшлі яму ганебны для чыноўніка такога рангу, карупцыйны. І кіраўнік дзяржавы, не бянтэжачыся, распавядаў аб шматтомнай справе супраць міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Лявонава, пра шматлікія дамы і кватэры, нібыта незаконна набытыя Васілём Севасцьянавічам, якія фігуруюць у гэтай справе.

Васіль Лявонаў быў арыштаваны 11 лістапада 1997 гады ў працоўным кабінеце. Яго арышт здымала група аператараў беларускага тэлебачання. Фота https://palitviazni.info/

А потым справа павалілася. У абвінавачванні фігураваў толькі дачны гарнітур з плеценай лазы, выраблены ў калгаснай майстэрні. Лявонаў быццам бы не разлічыўся за яго. Пры гэтым сведка, на паказаннях якога будавалася абвінавачванне, сумленна казаў: маўляў, не памятаю, разлічваўся ці не разлічваўся.

Ведаючы Лявонава, можна выказаць здагадку: разлічыўся да капейкі. Але ўладзе было важна не столькі пасадзіць – гэта навука ўсім чыноўнікам, хто наважваецца мець уласнае меркаванне, колькі скампраметаваць – а вось гэта ўжо сапраўды каб не адважваўся ператварацца ў публічную фігуру.

У кампрамат на Лявонава не паверыў ніхто. Асабліва калі ўлічыць, якія сумы фігуравалі на працэсах па справах іншых высокапастаўленых асоб – тых, што так і не адважыліся потым сказаць «лішняе» слова.

Лявонаў выйшаў з калоніі цвёрдым і незламаным. У ім была тая ўнутраная сіла, якая рабіла яго сапраўдным мужыком. Ён проста нічога не баяўся.

Ён не баяўся нават папрасіць прабачэння перад тым, перад кім лічыў сябе – ці іншых – вінаватымі.

Так, пасля таго, як на выбарах народных дэпутатаў СССР будучы прэзідэнт Беларусі адважыўся вылучыцца па адной акрузе з будучым старшынёй Савета Міністраў БССР (а пазней яны застануцца сам-насам ў бюлетэні другога тура выбараў прэзідэнта Беларусі), Аляксандра Лукашэнку наменклатура пачала «ціснуць». І першы сакратар абкама партыі, даведаўшыся пра гэта, не толькі спыніў гэты ціск, але і асабіста прыехаў прабачацца да старшыні саўгаса «Гарадзец». Хоць Лявонаў мог гэтага і не рабіць.

Але папрасіць прабачэння можа толькі вельмі моцны чалавек.

Аляксандр Лукашэнка так і не знайшоў у сабе сілы папрасіць прабачэння перад Лявонавым.

Нічога не зробіш.

Слабак.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў