Пасля тэракту ў Кашміры індыйскія ўлады распачалі масавыя арышты сепаратыстаў


Індыйскія сілавікі затрымалі больш за 160 лідараў сепаратыстаў і актывістаў, у асноўным з ісламісцкай партыі «Джамаат-э-Ісламі», у выніку начных рэйдаў у рэгіёне Кашмір.

Арышты сталі наступствам тэракту 14 лютага, калі смяротнік пратараніў машынаю аўтобус, што перавозіў індыйскіх вайскоўцаў у Кашміры. У выніку загінулі 44 чалавекі. Адказнасць за напад узяла на сябе пакістанская ісламісцкая групоўка «Джайш-э-Мухамад». Індыйскі ўрад абвінаваціў Пакістан у тым, што ён дазваляе баевікам бесперашкодна дзейнічаць на сваёй тэрыторыі.

Цяпер сілавікі імкнуцца абезгаловіць сепаратысцкі рух мусульманаў напярэдадні выбараў. «Паколькі «Джамаат-э-Ісламі» мае шырокую сетку прыхільнікаў па ўсім Кашміры, і яны мабілізуюць людзей на барацьбу супраць Індыі, іх арышт можа дапамагчы ў барацьбе з такімі пратэстамі напярэдадні выбараў», – цытуе Reuters індыйскага паліцыянта.

У адной з вёсак рэгіёну паліцэйскія падчас рэйду ўступілі ў перастрэлку з ісламістамі – адзін праваахоўнік і адзін баявік загінулі.

Сепаратысты заклікалі да страйку ў знак пратэсту супраць затрыманняў і абмежавання свабоды сходаў. Многія крамы, заправачныя станцыі і прадпрыемствы цяпер зачыненыя.

Кашмір – памежны рэгіён, прадмет тэрытарыяльных спрэчак паміж Пакістанам і Індыяй. Большасць насельніцтва там – мусульмане.

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў