Папа Рымскі прыляцеў у Каір з пасланнем пра мір між хрысціянамі і вернікамі ісламу


Папа Рымскі Францыск прыляцеў у Егіпет, каб сустрэцца ў Каіры з ісламскімі лідарамі і данесці пасланне пра недапушчальнасць вайны паміж хрысціянамі і вернікамі ісламу. Візіт адбываецца ў вялікай напружанасці, бо копцкая праваслаўная супольнасць у Каіры апошнім часам пакутуе ад шматлікіх нападаў джыхадзістаў, якія пагражаюць хрысціянам поўным вынішчэннем.

У Егіпце абʼяўлена надзвычайнае становішча пасля тэракту ў копцкай царкве ў Каіры, што адбыўся 9 красавіка. У выніку тэракту загінулі 45 асобаў, а адказнасць узяла на сябе Ісламская дзяржава. Іншы тэракт у хрысціянскай царкве адбыўся ў снежні мінулага году, там загінула 29 асобаў.

Папа Рымскі Францыск будзе знаходзіцца у Каіры з кароткім двухдзённым візітам. У папярэднім пасланні да егіпецкіх хрысціянаў ён выказаў спадзяванне, што ў яго атрымаецца прынесці мір і знайсці шлях дыялогу і супрацоўніцтва з ісламскім светам. Ён будзе сустракацца з ісламскімі лідарамі, вялікім імамам, а таксама прэзідэнтам Егіпта Абдель Фата аль-Сісі і Папай Тавадросам II, галавой Копцкай праваслаўнай царквы, які цудам пазбег смерці падчас тэракту 9 красавіка.

Меры бяспекі на час візіту Папы Францыска ўзнятыя да найвышэйшага ўзроўню. Усе хрысціянскія цэрквы ў Егіпце знаходзяцца пад дадатковым назіраннем, бо егіпецкія ўлады баяцца чарговага тэракту.

А па ўсёй даўжыні дарогі, дзе будзе ехаць Папа Рымскі, размешчаны вялікія плакаты з выявай пантыфіка на фоне пірамідаў і з надпісамі «Ласкава запрашаем» на італьянскай і ангельскай мовах.

«Маліцеся за мяне як за пілігрыма, які нясе мір у Егіпет», – напісаў Папа Францыск у сваім Twitter у чацвер, 27 красавіка.

Хрысціяне, у асноўным, праваслаўныя, складаюць каля 10% ад 92 мільёнаў насельніцтва Егіпта. Джыхадзісты пагражаюць памнажаць атакі супраць хрысціянскай супольнасці.

«Папа Францыск у самалёце да Егіпту, пілігрым міру і еднасці, побач з хрысціянамі, што пакутуюць»

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў