У Беларусі распадаецца палова шлюбаў, пры гэтым 90 % сем’яў лічаць сябе шчаслівымі


Рэспубліканскае апытанне паказала, што амаль 90 % беларускіх сем’яў лічаць сябе шчаслівымі.

Такое апытанне сацыёлагі праводзяць два разы на год.

Ці няма парадоксу ў тым, што пры вялікай колькасці (кожны другі) разводаў 89,2 % рэспандэнтаў назвалі свае сем’і шчаслівымі?

«Калі не разглядаць супярэчлівасць, атрымліваецца наадварот: сем’і шчаслівыя, таму што ёсць свабода разводаў – людзі дастаткова лёгка ўступаюць у адносіны і лёгка іх разрываюць, ствараюць новыя. Няма неабходнасці жыць у кепскіх адносінах. Таму калі саюз адбыўся, то ён ацэньвае сябе як шчаслівы», – мяркуе навуковы супрацоўнік Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Наталля Сасноўская.

У даследаванні, падчас якога апыталі 1 500 рэспандэнтаў, навукоўцы паспрабавалі вызначыць, з чаго ж складваецца ўяўленне аб сямейным дабрабыце. Матэматычна дакладна з ім не звязанае ўстойлівае матэрыяльнае становішча. Як у цэлым і асобныя фактары – добрыя жыллёвыя ўмовы, адносіны з мужам ці жонкай, бацькамі. Можна сказаць, што ўніверсальнага рэцэпту шчасця папросту не існуе. Затое, на думку сацыёлагаў, у кожнай узроставай групы ёсць сваё дакладнае бачанне.

Напрыклад, для моладзі да 25 гадоў найбольш значныя адносіны са сваймі бацькамі. Гэта можна патлумачыць тым, што ў Беларусі досыць позна ўступаюць у шлюбы і часцей за ўсё да 24 гадоў жывуць у бацькавай хаце.

У старэйшай групе – калі жэняцца, нараджаюць, разводзяцца – да важных складнікаў дабрабыту дадаюцца адносіны з дзецьмі, мужам, матэрыяльнае становішча.

Ад 45 да 60 гадоў узаемаадносіны з дзецьмі ўжо не так важныя – на першы план выходзіць матэрыяльны складнік, адносіны з мужам ці жонкай і бацькамі. Пасля 60 гадоў найбольшую ролю адыгрывае менавіта партнёр.

НМ, belsat.eu, паводле «СБ. Беларусь сегодня»

Стужка навінаў