П'яны на танку выехаў на вуліцы польскага мястэчка


Танк Т-55, затрыманы паліцыяй на вуліцы Міцкевіча ў Паенчне. Фота – twojepaeczno.pl

Нецвярозы мужчына вырашыў пакатацца з сябрам па вуліцах невялікага гарадка пад Лоддзю на танку Т-55.

Паведамленне аб тым, што па адной з вуліца мястэчка Паенчна едзе танк, дзяжурны атрымаў у чацвер а 21:40. Ужо праз некалькі хвілінаў паліцыянты затрымалі вайсковую тэхніку на вуліцы Міцкевіча, падае выданне «Twoje Pajęczno». «Танкіст», 49-гадовы нецвярозы мужчына, знаходзіўся побач.

Як выявілася, машыну транспартавалі на лафеце, але тая зламалася. Для рамонту танк з яе знялі, а непасрэдна перад тым, як пагрузіць яго на прычэп зноў, п’яны ўладальнік танку вырашыў пакатацца па вуліцах Паенчна разам са сваім знаёмым.

Кіроўцу танку затрымалі, ён правёў ноч у паліцыйным участку. За непасрэдную небяспеку катастрофы на зямлі, у вадзе ці ў паветраным руху яму пагражае да 8 гадоў зняволення.

Паліцыя адправіла танк на платны паркінг. Фота – twojepaeczno.pl

Вайсковая машына ўсю ноч прастаяла на праезджай частцы. А 5-й раніцы на месца здарэння прыбыў жаўнер з правам кіравання танкамі, які дапамог пагрузіць вайсковую тэхніку на прычэп.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў