Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі падрыхтавала праект пастановы, якім можа быць забаронены продаж новага адзення разам з сэканд-хэндам. Праект дакументу змешчаны на сайце МАРГ.
У дакуменце гаворыцца, што асноўная мэта новаўвядзення – абмежаваць продаж у Беларусі тавараў сэканд-хэнд. Дзеля гэтага плануецца абмежаваць продаж у адным гандлёвым аб’екце былой ва ўжыванні адзення разам з новымі таварамі, у тым ліку стокавымі.
У МАРГ заяўляюць, імпарцёры дэкларуюць «стокавыя» тавары ў якасці тавараў сэканд-хэнд і такім чынам ухіляюцца ад выплаты мытаў на новыя гатовыя вырабы (у сярэднім 15 % ад рэальнага кошту).
Таксама адзначаецца, што ўдзельная вага імпарту тавараў сэканд-хэнд, які паступае ў Беларусь для продажу, у абʼёме «чыстага» імпарту спажывецкіх тавараў лёгкай прамысловасці складае каля 10 %, а фактычная сума продажаў такіх тавараў можа складаць каля $ 250 млн.
Акрамя таго, МАРГ заяўляе, што беларусы аддаюць перавагу вопратцы сэканд-хэнд, замест таго, каб насіць вопратку беларускай вытворчасці.
Абмежаванне ж продажу ў адным гандлёвым абʼекце сэканд-хэнду і новых тавараў, у тым ліку стокавых, створыць дадатковыя ўмовы для развіцця справядлівай канкурэнцыі паміж беларускімі і замежнымі вытворцамі.
МГ belsat.eu