Нашыя продкі вельмі добра ведалі асаблівасці лакальнага земляробчага календару, таму звычайна жыта, ячмень ды пшаніцу ў Беларускіх вёсках пачыналі зажынаць 21 (часамі 22-га) ліпеня ў дзень «Пракопа Жатвеніка» (Пракопа Жняца). Калі дні рабіліся сухімі, а ночы ўжо не такімі цёплымі, як раней. Паводле іншых версіяў, зажынкі святкавалі 29-га ліпеня ў дзень святога мучаніка Афінагена.[/vc_column_text]
У Дзятлавічах жанчыны заўсёды перад пачаткам жніва, абвязваліся рушнікамі-абярэгамі, якімі таксама было зручна выціраць твар ад поту, або перавяслам, аберагаючым ад парэзаў сярпом.
Паклаўшы хлеб на зямлю і прагаварыўшы жатвеную малітву з падзякаю Богу ды Маці-Зямлі, самая паважаная жанчына, на ролю якой абралі Алену Дзянісаўну Яскевіч, зажала першую жменю, а астатнія жнейкі дапамаглі ёй зрабіць ды ўпрыгожыць палявымі лекавымі кветкамі першы снапок. Паводле старажытнай традыцыі, яго перавязалі поясам-абярэгам, які сімвалізуе адвечнасць жыцця, урадлівасць зямлі і чалавека.
Скончыўся абрад зажынак і жніва, як належыць – усе ляглі ў жыта, якое нашыя продкі лічылі карысным для здароўя, а таксама вячэрай з традыцыйнай ежай у полі.
Фота Вячаслава Радзіміча для belsat.eu