«Нам даводзілася, што гэта ледзь не кампанія самога прэзідэнта». Новыя факты пра справу Уцюрына


Генеральны дырэктар «Белтэлекам» Сяргей Сівадзедаў распавёў на судзе, што намеснік дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі Андрэй Уцюрын планаваў шантажаваць яго і таму хацеў, каб у студзені 2019 года грамадзянін РФ Уладзімір Казанцаў даў Сівадзедаву хабар.

У судзе па справе Андрэя Уцюрына быў зачытаны пратакол допыту Сяргея Сівадзедава ў КДБ ад 30 красавіка 2019 года. Падчас гэтага допыту Сівадзедаў казаў чэкістам, што на яго і міністра сувязі Сяргея Папкова аказваўся «псіхалагічны ціск» з боку Уцюрына. Менавіта так Сівадзедаў расцэньваў званкі Уцюрына, падчас якіх той дэ-факта лабіяваў інтарэсы маскоўскай кампаніі «СмартЛабс».

«Нам даводзілася, што гэта ледзь не кампанія самога прэзідэнта», – казаў падчас допыту экс-кіраўнік «Белтэлекам».

Hавiны
«Сказаў, што званілі з самай гары». Як Андрэй Уцюрын ціснуў на міністра сувязі?
2020.03.19 11:54

Як патлумачыў Сівадзедаў, калі Сяргей Папкоў распавядаў яму пра адзін з першых званкоў Уцюрына, то паказаў на партрэт Лукашэнкі на сцяне. Гэтым жэстам Папкоў хацеў патлумачыць, з якіх колаў сыходзілі ўказанне «звярнуць увагу» на кампанію «СмартЛабс».

Уцюрын на той момант яшчэ займаў пасаду кіраўніка Службы бяспекі прэзідэнта. І званіў ён міністру «па тройцы» – гэта від урадавай сувязі найвышэйшага ўзроўню сакрэтнасці. Паводле Сівадзедава, не ішло гаворкі пра тое, што «СмартЛабс» гэта кампанія Лукашэнкі, але званок Уцюрына ўспрымаўся як званок «ад імя прэзідэнта».

Фірма «СмартЛабс» уваходзіць у холдынг ITG (INLINE Technologies Group) – групу кампаніяў, што займаецца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Прэзідэнтам холдынгу з’яўляецца бізнесовец Уладзімір Варывода.

У сваю чаргу прадстаўнік расейскай кампаніі «СмартЛабс» Уладзімір Казанцаў падчас сваіх сустрэчаў з Сівадзедавым даваў зразумець, што пры дапамозе Уцюрына яны гатовыя вырашаць любыя пытанні.

«Казанцаў бравіраваў сваім знаёмствам з Уцюрыным. Маўляў, усе пытанні разруліваюць дзякуючы Уцюрыну», – распавядаў Сівадзедаў падчас допыту ў КДБ.

Паводле следства, Уцюрын дамовіўся з Уладзімірам Казанцавым і Віталём Гарбачовым, што за лабіяванне інтарэсаў «СмартЛабс» атрымае адкат у памеры 1/3 прыбытку ад кантракту – па факце гэтая сума склала $ 183 тысячы. Таксама Уцюрын, паводле следства, у 2019 годзе падбухторваў Уладзіміра Казанцава даць хабар кіраўніку «Белтэлекама» за заключэнне кантракта на пастаўкі абсталявання расейскай кампаніяй «УГМК-Тэлекам».

«УГМК-Тэлекам» – гэта вядомы ў РФ аператар сувязі, падкантрольны алігарху Іскандару Махмудаву. Паводле СМІ, у апошнія гады Махмудаў стаў набліжаным да Крамля алігархам і адным з галоўных атрымальнікаў дзяржаўных заказаў.

Паводле Сівадзедава, хабар у памеры € 15 тысяч ён узяў таму, што разумеў – за гэтым учынкам Казанцава стаіць Уцюрын. «Казанцаў даў зразумець, што ўсё ўзгоднена з Уцюрыным», – сцвярджае Сівадзедаў.

Да гэтых падзеяў Уцюрын ужо мінімум пяць гадоў лабіяваў інтарэсы расейскіх кампаніяў і неаднаразова званіў на гэты конт кіраўніку «Белтэлекама». Уцюрын падчас паседжання 19 сакавіка спытаў: навошта яму было настойваць, каб Казанцаў даў Сівадзедаву хабар, калі раней ён нібыта і так выконваў загады Уцюрына?

«Я вам шчыра адкажу: вы хацелі мяне шантажаваць, каб я беспярэчна выконваў вашыя загады», – адзначыў ён. Сівадзедаў дадаў, што зразумеў гэта ўжо постфактум, а ў той момант «тупа не змог адмовіцца».

Сяргей Сівадзедаў быў затрыманы КДБ 22 красавіка 2019 года – на наступны дзень пасля затрымання Уцюрына. Абодва цалкам прызнаюць сваю віну.

Hавiны
Кіраўнік «Белтэлекам» распавёў, як Уцюрын лабіяваў інтарэсы расейскіх кампаніяў
2020.03.17 18:08

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў