На чачэнскага блогера, які крытыкуе Кадырава, здзейснілі замах


Невядомы мужчына здзейсніў замах на чачэнскага блогера Тумсо Абдурахманава. Пра гэта паведаміла чачэнская праваабарончая арганізацыя «Вайфонд» і шэраг тэлеграм-каналаў.

Як сцвярджае «Вайфонд», 26 лютага нападнік пранік у кватэру Абдурахманава, калі той спаў, і ўдарыў яго малатком. Абдурахманаў ўступіў у бойку, яму ўдалося адабраць малаток і выклікаць паліцыю. Цяпер блогер знаходзіцца ў шпіталі. Паводле сяброў, ён атрымаў удар малатком па галаве. Дзе цяпер нападнік – невядома.

Тэлеграм-канал FTP распаўсюдзіў ролік, зняты самім Абдурахманавым, дзе блогер размаўляе з чалавекам, які ляжыць у крыві. Той адказвае, што яго завуць Руслан і што яго прыслаў «Абдурахман з Грознага». На пытанне, адкуль ён даведаўся адрас блогера, нападнік кажа: «Яны мне далі». Ён таксама сцвярджае, што збіраўся толькі напалохаць Абдурахманава.

Імаверна, напад адбыўся ў Польшчы, дзе Абдурахманаў спрабуе атрымаць палітычны прытулак.

Тумсо Абдурахманаў пакінуў Чачэнію ў 2015 годзе пасля канфлікту з сваякамі Рамзана Кадырава. Улады абвінавачваюць яго ў сувязях з «Ісламскай дзяржавай». На ютуб-канале, які мае амаль 260 тысяч падпісантаў, Абдурахманаў крытыкуе Кадырава і чачэнскія ўлады. У 2019 годзе спікер парламента Чачэніі Магамед Даудаў абвясціў Абдурахманаву кроўную помсту, таму што той назваў здраднікам першага прэзідэнта Чачэніі Ахмата Кадырава.

КА belsat.eu

Стужка навінаў