Міліцыянты апыталі грамадскую актывістку за рэпост фільму NEXTA

Да грамадскай актывісткі са Слаўгарада Анжалікі Калатазішвілі ўвечары 11 чэрвеня прыйшлі супрацоўнікі аддзелу ўнутраных спраў, піша MSPRING.ONLINE.

Нагодай для візіту міліцыянтаў стала публікацыя актывісткі ў «Аднакласніках» за 25 кастрычніка 2019 года. Жанчына апублікавала сабе на старонку фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».

«Міліцыянты склалі пратакол апытання, цікавіліся, што я размяшчаю ў сваіх сацсетках і навошта. Пыталіся, чым мне спадабаўся гэты фільм. Я шчыра сказала, што я не падтрымліваю існуючую ўладу ў Беларусі і што хтосьці, відавочна, наклаў у штаны», – распавяла Калатазішвілі.

Фільм NEXTA пра Лукашэнку прызналі экстрэмісцкім

Паводле яе, сілавікі папярэдзілі, што прыедуць яшчэ раз.

Анжаліка Калатазішвілі ў 2014 годзе атрымала інваліднасць праз памылку лекараў, якія доўгі час не маглі правільна дыягнаставаць яе захворванне і выдалілі ёй здаровыя органы. Пасля жанчына неаднаразова звярталася ў праваахоўныя органы і розныя інстанцыі з патрабаваннямі прыцягнуць вінаватых да адказнасці, стала крытыкаваць мясцовыя і рэспубліканскія ўлады.

Лячылі ад рака, якога не было, зрабілі інвалідам, цяпер пагражаюць

На думку праваабаронцы Сашы Райкана, сілавікі спрабуюць запалохаць жанчыну.

Пры гэтым ён адзначыў, што рэпост быў зроблены ў кастрычніку 2019 года, а нібыта экстрэмісцкім фільм NEXTA прызналі толькі ў снежні.

МГ belsat.eu

Hавiны