СМІ: Міхаілу Бабічу прапанавалі пасаду спецпрадстаўніка Пуціна ў Беларусі


Міхаіл Бабіч, які цяпер разглядаецца на пасаду амбасадара РФ у Менску, можа быць таксама прызначаны спецпрадстаўніком прэзідэнта. Пра гэта РБК распавялі крыніцы, блізкія да Крамля і МЗС Расеі.

Паводле інфармацыі выдання, абмяркоўваецца, што акрамя прызначэння амбасадарам ён таксама будзе выконваць функцыю спецпрадстаўніка Пуціна.

Сумяшчэнне пасады амбасадара ў іншай дзяржаве з пасадай спецпрадстаўніка прэзідэнта – досыць рэдкі выпадак у расейскай дыпламатычнай практыцы. Напрыклад, дзве пасады сумяшчалі Віктар Чарнамырдзін і Міхаіл Зурабаў, якія былі пасламі ва Украіне і адначасова спецпрадстаўнікамі прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічных адносінаў з гэтай краінай.

Пасада спецпрадстаўніка прэзідэнта дае амбасадару дадатковыя рычагі ўплыву, сцвярджае крыніца, блізкая да расейскага МЗС. Акрамя традыцыйнай дыпламатычнай працы ён можа ставіць задачы расейскім органам выканаўчай улады, збіраць нарады з удзелам чыноўнікаў ураду. Паколькі стасункі Масквы і Менску час ад часу складваюцца няпроста, Пуціну важна мець у Беларусі не проста амбасадара, а чалавека з дадатковымі магчымасцямі, кажа крыніца, блізкая да Крамля.

Кандыдатуру Міхаіла Бабіча на пасаду амбасадара РФ у Менку ўжо ўхвалілі камітэт Дзярждумы па справах СНД і камітэт Савета Федэрацыі па міжнародных справах. У цяперашні час Масква чакае агрэман на яго прызначэнне.

Цяпер Міхаіл Бабіч – паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта ў Прыволжскай федэральнай акрузе, а раней, на пачатку 2000-х, ён кіраваў урадам Чачэніі.

***

У апошнія 12 гадоў пост пасла Расеі ў Беларусі займае Аляксандр Сурыкаў. Ён не кадравы дыпламат, на працу ў Менск адправіўся з пасады памочніка паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў Сібірскай федэральнай акрузе. Аднак асноўныя цяжкасці ў беларуска-расейскіх стасунках звычайна вырашаюцца не на ўзроўні амбасады, а на прэзідэнцкім.

«Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка любіць падымаць пытанне малака і масла на высокую палітычную вышыню і вырашаць цяжкасці наўпрост з прэзідэнтам Расеі», – заўважае намеснік дырэктара Інстытута краін СНД Уладзімір Жарыхін.

Як лічыць суразмоўца РБК, прызначэнне амбасадара з пашыранымі паўнамоцтвамі дасць магчымасць Пуціну сысці ад рэгулярных «разборак» з Лукашэнкам па малочных прадуктах, цэнах на расейскі газ і іншых спрэчных пытаннях.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў