Метэарытны дождж можна будзе назіраць у небе на выходных. Надвор'е дазволіць


Пік метэарытнай актыўнасці будзе назірацца ў небе ў ноч з 20 на 21 кастрычніка. Больш за 20 метэарытаў будуць пралятаць у небе кожную гадзіну, у самы пік – да 80, паводле сайту earthsky.org. Найлепшы час для назірання – адразу пасля паўночы і перад узыходам сонейка.

Дождж Арыяніды адбываецца штогод у кастрычніку. Найбольшая метэарытная актыўнасць выпадае звычайна на даты каля 20 кастрычніка. У гэтым годзе назіранню за пралятаючымі метэорамі паспрыяе малады месяц, які хутка схаваецца і ўночы 21 кастрычніка пакіне цёмнае, глыбокае неба.

Метэоры Арыяніды часам пакідаюць за сабой доўгі бліскучы хвост, а таксама выбухі святла і абяцаюць неверагодна прыгожае відовішча. Гэта аскепкі каметы 1P/Halley, якая пралятае каля Зямлі кожныя 75 ці 76 гадоў, а на сваім шляху вакол сонца камета пакідае след са сваіх кавалкаў. Кожны год, круцячыся па арбіце, Зямля праходзіць гэтую кропку з аскепкамі каметы. Метэарытны дождж будзе бачны ўсім жыхарам нашай планеты.

Камета Halley пралятае каля Зямлі ў 1910 годзе. Фота зрабіў астраном Эдвард Эмерсон Барнард у абсерваторыі ў Вісконсіне.
Фота: Wikimedia Commons

Сваю назву дождж Арыяніды атрымаў ад сузорʼя Арыён, бо калі прасачыць шлях святла метэарытаў, то адлюстроўваюць яны, хутчэй за ўсе, менавіта гэтае сузорʼе, святло яркай, вядомай для аматараў астраноміі зоркі Бетэльгейзе.

Нам у Беларусі пашанцавала і з надворʼем для назірання. Згодна з дадзенымі Белгідраметцэнтру, у Беларусі 20 і 21 кастрычніка будзе пераменная воблачнасць і без дажджу.

Як назіраць метэарытны дождж у Беларусі, раіць Віктар Малышчыц, астраном:

«Метэоры назіраюць проста няўзброеным вокам, ніякая оптыка ці тэхніка для гэтага не патрэбная. Вельмі пажадана выехаць кудысьці за горад, падалей ад гарадскіх ліхтароў і іншых крыніц засветкі. І глядзець трэба на ўсё неба адразу – так шанцаў убачыць знічку будзе больш (многія проста спрабуюць глядзець з балкона, праз акно – так вы бачыце вельмі малую частку неба). Многія крыніцы пішуць, што трэба накіроўваць свой позірк у бок сузорʼя Арыёна. Але гэта не зусім так: метэоры будуць прылятаць з таго накірунку, але іх сляды могуць узнікаць практычна ў любых частках неба. Варта толькі адзначыць, што радыянт метэорнага патока (кропка на небе, якая ўказвае накірунак, адкуль яны лятуць) узыходзіць сёння толькі каля 23.00, таму раней »падаючых зорак« вы не ўбачыце».

Калі назіраць за небам узыходам сонца, у дадатак да метэораў можна будзе ўбачыць планеты Юпітэр і Венеру.

ВЧ, belsat.eu

Стужка навінаў