Мэркель вырашыла выдаліць сваю старонку ў Facebook


Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель мае намер выдаліць сваю старонку ў Facebook. Пра гэта яна распавяла ў відэазвароце, апублікаваным у гэтай сацыяльнай сетцы.

«Вы ведаеце, я больш не старшыня партыі ХДС, таму я выдалю сваю старонку ў Facebook», – напісала Ангела Мэркель.

Пры гэтым палітык адзначыла, што назіраць за ёю ў гэтай сацсетцы ўсё яшчэ можна на старонцы ўрада. Акрамя таго, канцлер нагадала, што ў яе ёсць акаўнт у Instagram.

Як адзначае Reuters, у Facebook ў Мэркель каля 2,5 мільёнаў падпісчыкаў (яшчэ 801 тысяча ў Instagram), тады як у прэзідэнта Францыі Эммануэля Макрона больш за 2,3 мільёны, а ў брытанскага прэм’ер-міністра Тэрысы Мэй толькі 503 тысячаў.

Летась Мэркель сышла з пасады старшыні ХДС і сказала, што не будзе ўдзельнічаць у выбарах канцлера ў 2021 годзе. Яна ўдакладніла, што не плануе займаць нейкія пасады пасля заканчэння сваіх паўнамоцтваў.

Мэркель займае пасаду канцлера Нямеччыны з 2005 году, старшынём ХДС яна была на працягу 18 гадоў.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў