Менскі пенсіянер, які зрабіў банкноту € 1000 з дапамогай ляза, сядзе ў турму на 6,5 года


14 снежня суд Цэнтральнага раёну Менску пастанавіў пакараць пенсіянера-фальшываманетчыка 6,5 года турмы з канфіскацыяй маёмасці.

Рашэнне яшчэ не ўступіла ў законную сілу. Яго можна абскардзіць у Менскім гарадскім судзе.

Некалькі месяцаў таму мужчыну затрымалі працаўнікі Аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Маскоўскага РУУС Менску.

У кватэры пенсіянера на Партызанскім праспекце ў Менску знайшлі сербскія дынары ды зімбабвійскія долары, пераробленыя ў «еўры», а таксама фальшывыя расейскія рублі і долары ЗША.

Зімбабвійскія долары ў Менску сталі «еўрамі». Слова «Зімбабвэ», імаверна, саскрэбенае лязом нажа або галяка.

На след фальшываманетчыка міліцыянты выйшлі дзякуючы прыбіральніцы ЖЭУ. Яна знайшла ў падвале дому, дзе жыў 62-гадовы злачынца, пакунак з грашыма і паведаміла ў міліцыю.

Пенсіянер-фальшываманетчык. Фота – guvd.gov.by

Пенсіянер займаўся падробкаю банкнотаў з 2000 года.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў