У Нямеччыне арыштавалі расейца, падазраванага ў забойстве двух украінцаў


У горадзе Мурнаў на поўдні Нямеччына забілі двух украінцаў, паведамляе мясцовая паліцыя. Падазраваны – 57-гадовы грамадзянін Расеі, яго арыштавалі. Матывы мужчыны пакуль не вядомыя, аднак у медыях пішуць, што ён – прыхільнік вайны і насіў на вопратцы нашыўкі з Z-сімволікай.

Аператыўныя службы на месцы забойства двух украінцаў у Нямеччыне. 27 красавіка 2024 года.
Крыніца: Tsaplienko / Telegram

Злачынства адбылося 27 красавіка каля крамы ў горадзе Мурнаў у Баварыі. Забойца быў узброены нажом. Ахвярамі мужчыны сталі двое ўкраінцаў 23 і 36 гадоў, старэйшы памёр на месцы, маладзейшы – у шпіталі.

Падазраванага расейца затрымалі ў той жа дзень, сёння з санкцыі суда яго арыштавалі. Матывы мужчыны пакуль не вядомыя. Як кажуць у паліцыі, яны толькі ў самым пачатку следства. Таксама праваахоўныя органы шукаюць сведкаў злачынства.

Выданні «Bild» і «Süddeutsche Zeitung» пішуць, што ўкраінцы і расеец былі знаёмцамі. Паводле непацверджаных звестак, у той момант усе трое былі нападпітку.

Як заявіў міністр унутраных справаў Ёахім Гэрман, пакуль няма прыкметаў таго, што канфлікт паміж мужчынамі здарыўся праз вайну ва Украіне.

Пры гэтым украінскі журналіст Андрэй Цапліенка са спасылкаю на «мясцовых інфарматараў» піша, што ўкраінцы, якія былі забітыя, – вайскоўцы, яны праходзілі рэабілітацыю ў Нямеччыне, у іх былі «сур’ёзныя раненні канцавінаў», таму яны «не маглі паўнавартасна абараняцца».

Ён таксама распаўсюдзіў інфармацыю, што падазраваны ў забойстве не хаваў прыязнага стаўлення да Расеі, «адкрыта падтрымліваў агрэсію і дэманстратыўна насіў нашыўкі з Z-сімволікай».

Гэта не першы выпадак забойства ўкраінцаў у Нямеччыне за апошні час. У лютым у Обэргаўзэне мясцовыя падлеткі напалі на баскетбалістаў 17 і 18 гадоў Уладзіміра Ермакова і Арцёма Казачэнку – яны загінулі. У сакавіку ў Гокенгайме былі знойдзеныя мёртвымі дзве ўкраінкі: 27-гадовая Маргарыта Разаз і яе 51-гадовая маці Марына Стэцэнка. У іх забойстве і выкраданні паўтарамесячнай дачкі Маргарыты абвінавацілі сужэнцаў з суседняга Зандгаўзэна – немца і грамадзянку Расеі.

Hавiны
Зламалі руку і апырскалі пярцовым газам. У Варшаве падлеткі збілі 15-гадовага беларуса
2024.04.04 18:29

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў