Менш як за содні петыцыю за вызваленне Бабарыкі падпісалі 100 тыс. чалавек

Каля 100 тыс. чалавек па стане на 12:00 19 чэрвеня патрабуюць вызвалення патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты і былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі, які быў затрыманы напярэдадні.

Петыцыю на Change.org, якую плануецца накіраваць ва ўрад, Камітэт дзяржкантролю, Вярхоўны суд і кіраўніку Беларусі, за 18 гадзін ужо падпісалі 100 054 чалавекі.

Арыштаваныя дамы і кватэра Бабарыкі

«Мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Беларусі, патрабуем вызваліць з-пад варты кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Віктара Бабарыкі і спыніць пераслед у дачыненні да гэтага кандыдата, чальцоў ягонай сям’і, сяброў, былых калегаў, удзельнікаў ініцыятыўных групаў, зборшчыкаў подпісаў і любых грамадзянаў, якія падтрымліваюць яго ў ролі кандыдата на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў звароце.

Паводле яго, затрыманне Бабарыкі зʼяўляецца грубым парушэннем чалавечых правоў у дачыненні як самога прэтэндэнта, гэтак і тых грамадзянаў, якія хочуць аддаць свой голас за яго на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.

У ЦВК перадалі амаль 300 тыс. подпісаў за Бабарыку

Між тым 19 чэрвеня сканчаецца здача подпісаў ва ўсе выбарчыя камісіі за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. У камандзе Віктара Бабарыкі паведамілі, што ўжо перадалі ў тэрытарыяльныя камісіі 283 тыс. пры неабходных 100 тыс.

«Але колькасць усіх подпісаў, якія паступілі да нас на сёння, – 434 985. І гэта абсалютны рэкорд для альтэрнатыўных вылучэнцаў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі», – паведамілі ў камандзе.

У камандзе Віктара Бабарыкі абяцаюць працягваць падаваць подпісы ў выбарчыя камісіі. Частку подпісаў не атрымаецца падаць праз учорашнія падзеі.

Пракуратура распачала крымінальную справу да «Белгазпрамбанку»

Генеральны пракурор Аляксандр Канюк 19 чэрвеня паведаміў, што падначаленае яму ведамства прыйшло «да адназначнай высновы» аб неабходнасці кваліфікацыі дзеянняў фігурантаў справы «Белгазпрамбанку» як учыненых у складзе злачыннай арганізацыі. Вырашана распачаць крымінальную справу паводле ч.ч. 2 і 3 арт. 285 КК, піша БелТА.

«З улікам таго, што злачынныя дзеі здзяйсняліся сістэмна, на працягу доўгага часу, з выкарыстаннем транснацыянальных супрацьпраўных схем, яны стварылі рэальную пагрозу інтарэсам нацыянальнай бяспекі нашай краіны як у фінансавай, так і іншых сферах. Таму далейшае расследаванне дадзенай крымінальнай справы даручана следчым падраздзяленням органаў дзяржаўнай бяспекі Беларусі», – сказаў генпракурор.

Аператыўнае суправаджэнне расследавання крымінальнай справы будзе ажыццяўляць ДФР КДК.

Церцель распавёў дыпламатам ЕЗ і ЗША пра справу Бабарыкі

Нагадаем, Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня пасля допыту ў ДФР, адвакаты не маглі да яго патрапіць. Затрыманні ж звязаных з ім асобаў пачаліся 11 чэрвеня.

Агулам паводле «справы Белгазпрамбанку», якім кіраваў патэнцыйны кандыдат, затрыманыя каля 20 чалавек.

МГ belsat.eu

Hавiны