Мастакі з Менску адкрылі бясплатны пракат кіёў. Ён праіснаваў роўна гадзіну


Кійкі ад студыі «Hutka Smachnaa» на Камароўскім рынку ў Менску. 24 лістапада 2019 года. Фота – Сяргей Краўчанка

24 лістапада студыя «Hutka Smachnaa» заявіла аб адкрыцці першага ў Беларусі пракату кіёў: Андрэй Бусел, Сяргей Краўчанка і Тарас Пашчанка набылі на адным з інтэрнэт-аўкцыёнаў сем трысцінаў, пафарбавалі іх у жоўты колер і пакінулі каля ўваходу на Камароўскі рынак. Пасля сыходу мастакоў адміністрацыя ўсё прыбрала: паводле яе, палкі размясцілі без дазволу.

Работнікі «Камароўкі» распавялі «Белсату», што людзі паспелі разабраць усяго дзве трысціны.

«Такая выдатная ідэя была! Вось тут, зусім побач са мной, паставілі. Але неўзабаве прыйшлі супрацоўнікі рынку, усё сабралі і панеслі. Кажуць, трэба было дамовіцца загадзя. Хай бы вярнулі», – кажа нам адна з прадавачак.

У размове з «Белсатам» адміністрацыя рынку заявіла, што на такія ініцыятывы патрэбны адмысловы дазвол, «але задума добрая і палкі абавязкова вернуцца на сваё месца».

«Інсталяцыя добрая, але ж вы не прыйдзеце ў чужы дом без запрашэння?» – кажа «Белсату» прадстаўнік рынку, які папрасіў не называць ягонае імя.

Так цяпер выглядае месца, дзе былі пакінутыя кійкі. 26 лістапада 2019 года. Фота – Марыя Арцыбашава/«Белсат»

У студыі «Hutka Smachnaa» «Белсату» распавялі, што пасля акцыі з імі звязаліся прадстаўнікі Камароўскага рынку і спыталі, чаму мастакі не звязаліся з імі раней, каб зрабіць акцыю сумесна.

«З прадстаўнікамі «Камароўкі» ў нас праблем не было: нам напісалі, што ідэя ім спадабалася, спыталі толькі, чаму мы іх не папярэдзілі – маўляў, можна было афіцыйна нешта зрабіць разам. Запрасілі зайсці да іх, пагутарыць», – кажа Андрэй Бусел.

«Дзіўна, што такое патрабуе дазволу: гэта раўнацэнна таму, што ты аддаеш камусьці непатрэбную табе рэч. Мы ніколі не просім ніякіх дазволаў ні ў каго – і цяпер не будзем», – кажа Сяргей Краўчанка.

«Слабое як любое дабро»

Пракат палак студыя «Hutka Smachnaa» зрабіла ў нядзелю, 24 лістапада. Першыя сем трысцінаў мастакі пакінулі ля цэнтральнага ўваходу на сезонны рынак, прыхінуўшы да будынку крытага павільёну.

«Там добры трафік і лавачкі побач – [можна] прымерыцца», – патлумачылі ў студыі.

Паводле задумы мастакоў, кійкі павінныя былі дапоўніць запушчаныя раней у сталіцы шэрынг-сэрвісы ровараў і самакатаў.

Паводле аўтараў пракату, адсутнасць кантролю толькі апелюе да сумлення таго, хто карыстаецца паслугай. «Мы верым, што чалавек з палачкай здольны на спачуванне», – кажуць у студыі «Hutka Smachnaa». Фота – Сяргей Краўчанка

У каментарах менчукі сталі іранізаваць пра тое, куды жыхары гораду будуць «паркаваць» палкі: гэтак, напрыклад, пракатныя ровары нярэдка закідвалі на дрэвы, брылі пад’ездаў і смеццевыя бакі, а таксама ў Свіслач.

Паводле мастакоў, кійкі не застрахаваныя ад крадзяжу або вандалізму – не існуе ані прыкладання для смартфону, ані трэкераў для сачэння, ані механізму перадачы трысцінаў ад аднаго карыстальніка іншаму.

«Скарыстацца імі можа і вандал, і злодзей, і любы іншы нядобранадзейны грамадзянін! Гэта слабое месца паслугі – слабое як любое дабро», – кажа Краўчанка.

Зараз меркаванні аб тым, ці працягваць акцыю, сярод удзельнікаў калектыву падзяліліся. Андрэй Бусел думае аб паўтарэнні, а Сяргей Краўчанка кажа, што такога плану няма.

«Гэта хутчэй намёк і прыклад. Але, напэўна, калі б мы валодалі дастатковай для дабрачыннасці колькасцю рэсурсаў, то, магчыма, і пашырылі б акцыю – напрыклад, на Менск», – дадае мастак.

Дзяніс Дзюба, Марыя Арцыбашава belsat.eu

Стужка навінаў