Дзмітрый Мядзведзеў мае намер абмеркаваць з Сяргеем Румасам экспарт нафтапрадуктаў, паведаміў прэс-сакратар расейскага прэмʼер-міністра Алег Осіпаў, піша interfax.by.
Тэма разбаўляльнікаў, экспарт якіх Беларусь актыўна вяла ў 2011-2012 гадах, была ўзнятая расейскім бокам на тле прэтэнзіяў Менску аб кампенсацыі шкоды ў сувязі з пастаўкамі ў Беларусь забруджанай хлорарганікай нафты.
«Плануецца закрануць і праблемныя тэмы, якія датычацца пастаўкі нафты па трубаправодзе «Дружба», а таксама запазычанасці Беларусі, якая ўзнікла падчас рэалізацыі незаконнай схемы з пастаўкамі так званых разбаўляльнікаў, – сказаў прэс-сакратар расейскага ўраду Алег Осіпаў.
Сустрэча Мядзведзева з Румасам запланаваная на 24 траўня ў Маскве.
«Будзе абмяркоўвацца комплекс пытанняў, звязаных з інтэграцыйным працэсам, станам гандлёва-эканамічных стасункаў паміж нашымі краінамі», – дадаў Осіпаў.
Урад Расеі яшчэ ў 2012 годзе агучыў, што Беларусь вядзе кантрабанду расейскіх нафтапрадуктаў. Менск пад выглядам разбаўляльнікаў і іншых нафтапрадуктаў экспартаваў прадуктаў з сыравіны больш, чым можа стварыць. Тады Беларусь пералічвала ў бюджэт РФ экспартныя мыты на нафтапрадукты ў абмен на пастаўкі бязмытавай нафты. Хімічная прадукцыя (разбаўляльнікі і разбаўляльнікі складаныя арганічныя, а таксама змазачныя матэрыялы) не траплялі ў спіс нафтапрадуктаў, экспартныя мыты ад продажу якіх павінны былі пералічвацца ў расейскі бюджэт. Асноўны абʼём паставак разбаўляльнікаў з Беларусі накіроўваўся ў Латвію і Нідэрланды.
Расейскі бок ацэньвае страты свайго бюджэту на ўзроўні ад 700 мільёнаў да 2 мільярдаў долараў.
Беларускі бок катэгарычна адмаўляў наяўнасць шэрых схемаў пры экспарце нафтапрадуктаў і нагадваў, што пералічваў у бюджэт РФ істотныя грошы, на ўзроўні 3 мільярдаў долараў у 2011 годзе.
У верасні 2012 года Беларусь цалкам спыніла экспартныя пастаўкі разбаўляльнікаў.
СК belsat.eu