Людзі больш зарабляюць, а прадпрыемствам спатрэбілася валюта. Чаму даражэюць долар і еўра?


Як патлумачыць рост курсаў замежных валютаў у другой палове лістапада ў Беларусі? Чаго чакаць ад валютаў у наступным годзе? Пра гэта карэспандэнт «Белсату» паразмаўляў з эканамістамі.

У Беларусі з другой паловы лістапада заўважна выраслі курсы ўсіх трох асноўных для нас валютаў – долару, еўра і расейскага рублю. Паводле звестак Нацбанку, 19 лістапада долар каштаваў 2,0455 рубля, а 12 снежня – ужо 2,1143 (рост на 3,36 %). За гэты ж час курс еўра вырас на 3,81 % (да 2,3436 рубля), а расейскі рубль – на 3,94 % (да 3,3269 беларускага рубля за 100 расейскіх рублёў).

Рост курсаў валют у 2019 годзе

Сёлета гэта не максімальныя значэнні ані долара, ані еўра. Але ў чым прычыны такога стабільнага росту?

У людзей стала больш грошай?

Старэйшы аналітык «Аlpari» Вадзім Іосуб кажа, што прычынаў зніжэння курсу рубля можа быць дзве. Па-першае, аднаму ці некалькім буйным для Беларусі прадпрыемствам да канца года спатрэбілася валюта – напрыклад, для вяртання крэдыту ці аплаты імпартнага кантракту.

«І кінуліся ў сціслыя тэрміны гэтую валюту купляць. З улікам таго, што беларускі рынак мае маленькі аб’ём, то пакупка валюты ў кароткі тэрмін каля некалькіх дзясяткаў мільёнаў долараў можа сур’ёзна аслабіць курс беларускага рубля», – заявіў эканаміст.

Hавiны
Сусветны банк: рост заробкаў беларусаў эканамічна неабгрунтаваны
2019.11.28 12:51

Другі фактар, які б мог паўплываць на рост курсаў замежных валют, гэта працяглы, цягам некалькіх год, апераджальны рост заробкаў у параўнанні з ростам вытворчасці працы. То бок зарабляць людзі сталі больш, чым можна. Рана ці позна гэта мусіла сказацца на валютным рынку, упэўнены эксперт. Дарэчы, паводле Нацбанку, у лістападзе ў разы ўпаў чысты продаж валюты грамадзянамі – чытай, людзі сталі менш мяняць валюту на беларускія рублі ў абменніках.

«У народу стала больш грошай. З аднаго боку, змяншаецца неабходнасць здаваць валюту са скарбонкі, з другога – павялічваецца магчымасць валюту купляць. Вынік гэтага мы і назіраем», – падкрэсліў старэйшы аналітык «Аlpari».

Як мяняўся курс долара з 12 лістапада па 12 снежня. Дадзеныя Нацбанка

З тым, што прычынай росту курсаў з’яўляецца павелічэнне попыту на валюту, згодны і навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру BEROC Алег Мазоль. Але разам з тым, на яго думку, можа быць і іншая прычына: напрыклад, Нацбанк захацеў падтрымаць беларускіх экспарцёраў і крыху аслабіў рубль.

«Ніхто не хоча вялікага ўмацавання беларускага рубля, бо гэта негатыўна ўплывае на канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі», – заявіў эканаміст у каментары belsat.eu.

Hавiны
ВУП – 2,8 %, інфляцыя – да 5 %. Лукашэнка зацвердзіў план на 2020 год
2019.11.02 07:40

Абы не было форс-мажораў

Чаго чакаць на валютным рынку ў 2020 годзе? Алег Мазоль кажа, што калі не будзе шокаў, калі цана барэля нафты не апусціцца ніжэй за 55 долараў, курс амерыканскай валюты пад канец 2020 года можна скласці 2,25 рубля.

На думку Вадзіма Іосуба, налета долар можа падаражэць прыблізна прапарцыйна меркаванай інфляцыі – каля 5 %, то бок да 2,2 рубля. Але гэта пры ўмове, што не здарыцца ніякіх дадатковых форс-мажораў у беларускай эканоміцы, а таксама не зменіцца курс долара на сусветных рынках.

Не гледзячы на тое, што ўлады паабяцалі ў наступным годзе падвысіць заробкі бюджэтнікам і пенсіі, эканаміст не чакае, што гэта адаб’ецца на курсе долара.

Hавiны
Улады абяцаюць паскораны рост заробкаў бюджэтнікаў у 2020 годзе
2019.12.02 06:30

«Хутчэй за ўсё, гэта [падвышэнне заробкаў. – Belsat.eu] будзе датычыць найбольш беднай часткі бюджэтнікаў. І нават пасля росту даходаў вялікіх лішкаў у іх не атрымаецца. То бок людзі раней менш ежы куплялі, а зараз змогуць трошкі больш купляць», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Паводле яго, у гэтай катэгорыі грамадзянаў наўрад ці рост даходаў дасць магчымасць пабегчы ў абменнік і неяк паўплываць на курсы валютаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў