Лукашэнка прызначыў новы ўрад. Прэм'ерам стаў Раман Галоўчанка


Аляксандр Лукашэнка 4 чэрвеня прызначыў новы ўрад Беларусі. Пасаду прэм’ер-міністра заняў Раман Галоўчанка, паведамляе «Пул Первого».

Раней Галоўчанка ўзначальваў Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт.

Першым віцэ-прэм’ерам прызначаны Мікалай Снапкоў, які ад студзеня гэтага году быў амбасадарам Беларусі ў Кітаі.

На пасаду віцэ-прэм’ера прызначаны Аляксандр Субоцін. У 2015-2017 годзе быў намеснікам міністра сельскай гаспадаркі, потым працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта, у 2018 годзе атрымаў працу ў Маскве у якасці чальца калегіі (міністрам) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе.

Намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта стаў былы міністр эканомікі, былы першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой.

Камітэт дзяржаўнага кантролю ўзначаліў Іван Церцель.

Абнавіўся пул міністраў. Новым міністрам інфармацыі стаў Ігар Луцкі, экс-гендырэктар тэлеканалу СТВ.

Міністэрства ЖКГ узначаліў Андрэй Хмель, міністэрства фінансаў – Юрый Сяліверстаў, прамысловасці – Пётр Пархомчык, архітэктуры і будаўніцтва – Руслан Пархамовіч.

Што вядома пра новага прэм’ера?

Раман Галоўчанка.
Фота: БелТА

Раману Галоўчанку 46 гадоў. У 1996 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін МЗС Расейскай Федэрацыі па спецыяльнасці «міжнародныя адносіны», у 2003 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю».

З 1997 па 2002 год працаваў галоўным спецыялістам у сакратарыяце Савету бяспекі, наступныя тры гады быў намеснікам начальніка аддзелу ў Генпракуратуры.

Галоўным дарадцам упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта ён быў цягам года, пасля чаго ў 2006-м вярнуўся ў Савет бяспекі, дзе працаваў галоўным дарадцам аддзелу супрацы ў галіне міжнароднай бяспекі.

У 2009 годзе быў саветнікам-пасланнікам Беларусі ў Польшчы. У 2009 – 2013 – першы намеснік старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту. З 2013 па 2018 – амбасадар Беларусі ў ААЭ і па сумяшчальніцтве – у Катары, Кувейце і Саудаўскай Аравіі.

У 2018 годзе ўзначаліў ВПК.

Hавiны
Лукашэнка адправіў у адстаўку ўрад Сяргея Румаса
2020.06.03 19:41

3 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку папярэдні ўрад. Экс-прэм’еру Сяргею Румасу пасады ў новым урадзе не знайшлося. Лукашэнка казаў пра яго: «Вялікіх прэтэнзіяў няма, але чалавек хоча займацца бізнесам. Я вітаю!».

Раней кіраўнік дзяржавы адзначаў, што былыя чальцы ўраду, якія не будуць уключаныя ў новы склад, без працы не застануцца. «Яны не ворагі», – дадаў ён.

КА belsat.eu

Стужка навінаў