Лукашэнка прызначыў новага міністра эканомікі


Аляксандр Чарвякоў. Фота – прэс-служба Мінэканомікі

Міністрам эканомікі Беларусі 4 студзеня прызначаны Аляксандр Чарвякоў. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў кіраўнік дзяржавы, перадае БелТА.

Да сённяшняга дня Аляксандр Чарвякоў працаваў першым намеснікам міністра эканомікі. Пасля прызначэння Дзмітрыя Крутога віцэ-прэм’ерам, пасада міністра заставалася вакантнай.

Перш чым прызначыць Чарвякова, Лукашэнка цікавіўся ў падначаленых, чаму Круты прапанаваў менавіта ягоную кандыдатуру, наколькі сурʼёзна была прапрацаваная гэтая прапанова.

«Або таму, што гэта Дзмітрыю Мікалаевічу (віцэ-прэмʼер і экс-міністр Дзмітрый Круты – заўв.) выгодна будзе і зручна працаваць?» – запытаў Лукашэнка.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка адказаў, што было некалькі прэтэндэнтаў і кандыдатура Чарвякова – «найбольш годная ва ўсіх адносінах».

Новы міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, глава Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Круты. Фота http://president.gov.by/

Лукашэнка адзначыў, што ў міністра эканомікі павінен «прысутнічаць альтэрнатыўны погляд» на падзеі і працэсы, якія адбываюцца.

«Гэта не проста цэнтральная пасада ва ўрадзе. Нам трэба вельмі сурʼёзна арганізаваць працу Міністэрства эканомікі так, каб было добрае экспертнае меркаванне і добрыя праекты нарматыўных актаў для развіцця нашай эканомікі, аналіз павінен быць сурʼёзны», – падкрэсліў ён.

  • Аляксандр Чарвякоў нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У 1988 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, у 1994 годзе – аспірантуру БДСГА. Працаваў вядучым інжынерам-механікам саўгаса-камбіната «Юбілейны» Аршанскага раёна.
  • 16 гадоў быў выкладчыкам, дацэнтам і дактарантам кафедры механізацыі жывёлагадоўлі і электрыфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці БДСГА. У 2010-2017 гадах – дырэктарам Навукова-даследчага эканамічнага інстытуту Мінэканомікі.
  • Са студзеня 2017-га займаў пасаду намесніка міністра эканомікі Беларусі, а з лістапада 2018 – першага намесніка.

КА belsat.eu

Стужка навінаў