Лукашэнка надакучыў Пуціну. Чым Менску плаціць за расейскі рубель?


Расейскія медыі абураюцца «нацыяналізмам» з боку афіцыйнага Менску. Масква пагражае абрэзаць крэдытную лінію і пастаўкі нафтапрадуктаў. У Беларусі выразна бачаць галоўную мэту Крамля: развязаць самую вострую для Расеі праблему ў двухбаковых дачыненнях. У чым палягаюць галоўныя спрэчкі Масквы і Менску?

1: РАСЕЙСКІЯ ВОЙСКІ Ў БЕЛАРУСІ

«Узмацненне вайскова-палітычнае інтэграцыі паміж Расеяй і Беларуссю можа адбыцца толькі ў выпадку, калі Расея даможацца стварэння сваёй сталай вайсковай інфраструктуры ў Беларусі. Гэта прадугледжвае стварэння вайсковых кантынгентаў і сілавых структураў. І гэтае пытанне актывізуецца ўсё больш і больш», – каментуе Арсен Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

Асабліва на фоне ўзмацнення ўсходняга флангу NATO – праз стварэнне новай механізаванай дывізіі Польскае арміі пад Варшавай ды магчымае з’яўленне ў нашых заходніх суседзяў сталай амерыканскай вайсковай базы.

2: ЧЫМ ПЛАЦІЦЬ ЗА РАСЕЙСКІ РУБЕЛЬ?

Другая праблема – расейскія субсідыі ў выглядзе крэдытаў і бязмытных нафтапрадуктаў ды цана на газ для Беларусі. Чакалася, што гэтае пытанне развяжуць яшчэ 23 жніўня.

«Я думаю, што яны вырашылі адкласці гэтае пытанне (яны – расейцы). І ўціснуць належна беларускі бок – з тым, каб Беларусь трошкі амбіцыі супакоіла і меркавала, што тыя саступкі, якія Расея выдасць, будуць у радасць», – гаворыць палітолаг Валерыя Касцюгова.

На меркаванне расейскіх адмыслоўцаў, любая дапамога для афіцыйнага Менску ў сённяшніх умовах мае быць сапраўды святам. І пачынаюць лічыць крыўды.

«Праводзяць адкрыта антырасейскую палітыку. Пастаўляюць тавары і паліва для ўкраінскай арміі. Да гэтага часу ў ДНР і ЛНР не прыйшоў ні адзін кілаграм гуманітарнай дапамогі. Беларускі бок лічыць нармальным гандляваць з Крымам, не прызнаючы яго далучэння да Расеі. Непрызнанае далучэнне Абхазіі і Асеціі…», – адзначае палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Наш расейскі адмысловец на працягу некалькіх хвілінаў пералічваў бясконцыя прэтэнзіі Крамля да афіцыйнага Менску. Улады Беларусі славяцца сваёй шматвектарнай палітыкай, якая палягае на тым, каб не прымаць нічыйго боку і зарабляць на ўдзельніках канфліктаў. Магчыма, набліжаецца дзень, калі давядзецца канчаткова вызначыцца па ўсіх пунктах.

«Расея пераглядае так званую стратэгічную дамову з Беларуссю, і зараз любая эканамічная падтрымка з боку Крамля будзе звязаная з гатовасцю Менску ісці на пэўныя геапалітычныя саступкі», – працягвае Арсен Сівіцкі.

3: ЛУКАШЭНКА НАДАКУЧЫЎ ПУЦІНУ

Трэцяя і галоўная праблема – у асобе беларускага афіцыйнага лідара. Магчыма, адсюль растуць ногі чутак пра інсульт Лукашэнкі, паведамленняў, што на сустрэчы з Пуціным беларускаму кіраўніку назавуць ягонага пераемніка. А паводле маскоўскіх крыніцаў польскай газеты «Rzeczpospolita», на сустрэчы вялася гаворка пра стварэнне рэальнага супольнага парламенту.

«Усе гэтыя публікацыі пацвярджаюць адну думку: надзеі на супрацу, на інтэграцыю з Беларуссю Расея згубіла. І галоўная прычына – наяўнасць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на бясконцым прэзідэнцтве. На Лукашэнку ніхто ў Расеі стаўкі не робіць», – кажа Андрэй Суздальцаў.

А на каго яшчэ рабіць стаўку ў нашай краіне? Цяжка ўявіць, каб у бліжэйшай будучыні нейкая палітычная сіла ў Беларусі, якую б яшчэ і падтрымліваў Крэмль, магла рэальна пазмагацца за ўладу. Гэта ў вонкавай палітыцы Менск шукае шматвектарнасці – унутры вектар адзін. У выпадку Расеі ставіць лепш на самых сябе.

«Расея можа пайсці па самым жорсткім варыянтам, у тым ліку – гэтак званы Крымскі сцэнар. Ён разглядаецца, ён хутчэй за ўсё ўжо распрацаваны, як і ўсе астатнія. Расея цяпер дэманструе, што збіраецца вырашыць беларускае пытанне», – лічыць Арсен Сівіцкі.

Пра Крымскі сцэнар захопу нашай дзяржавы і замену Лукашэнкі адкрыта пісалі адмыслоўцы Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў МЗС Расеі. У Крамлі ёсць рашэнне беларускага пытання, а ў Менску няма рашэння залежнасці ад Масквы.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Стужка навінаў