Лукашэнка лічыць БРСМ «вайсковым рэзервам» і плануе надаць арганізацыі ўладу


Аляксандр Лукашэнка марыць пра камсамольскую адданасць сучаснай беларускай моладзі. Прамову да чальцоў арганізацыі кіраўнік Беларусі скіраваў пад час сустрэчы да 100-годзьдзя расейскага камсамолу.

«Калі, не дай божа, канфлікт ці вайна – якія структуры ты задзейнічаеш? Як было ў Вялікую Айчынную Вайну. Камуністы, камсамольцы наперад. Таму што была моцная партыйная арганізацыя, дзяржаўная ўлада была ў ёй засяроджаная, і моладзевая арганізацыя. Людзі жылі, ваявалі, гінулі і прынеслі нам Перамогу, – цытуе Лукашэнку БелТА. – Гэтую структуру, няхай нават не ў ваенную хвіліну, урад можа задзейнічаць. Гэта каласальны рэзерв, які сёння створаны».

Галоўнакамандуючы сумняецца, што ў небяспечнай сітуацыі абыдзецца структурамі Узброеных Сілаў і міліцыі. Таму чальцам БРСМ наказаў зрабіць так, каб арганізацыя стала ў добрым сэнсе слова па-сапраўднаму «баяздольнай». Ужо не аднойчы Лукашэнка казаў нікога «не цягнуць гвалтам» у шэрагі арганізацыі. Вядома аднак, што дзеля сустрэчы ў Палацы незалежнасці арганізатары задзейнічалі адміністратыўны рэсурс.

Прывабіць добраахвотнікаў у БРСМ можа абяцанне пра шырокія правы чальцоў арганізацыі і рэальную ўладу. Лукашэнка загадаў вызначыцца «хоць на ўзроўні закону» з тым, «якой уладай мы сёння можам надзяліць моладзь, у чым яны могуць зрабіцца памочнікамі дзяржавы».

На давер удзельнікі сустрэчы адказалі кіраўніку Беларусі прапановаю – надаць Палацу Незалежнасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Той не адмовіў такой магчымасці, калі ўсе неабходныя працэдуры будуць пройдзеныя.

Стужка навінаў