Лукашэнка і Тупы Гага. Чаму беларуская амбасада месціцца на падворку армянскага алігарха?


Пагражаў, што будзе «як у Арменіі». Цяпер – хваліць армянскую рэвалюцыю і абдымае новага прэм’ера краіны Нікола Пашыньяна. Ветэран палітычнай гульні Аляксандр Лукашэнка зноў змяняе рэчаіснасць з улікам уласных інтарэсаў. Зрэшты, не толькі ўласных. Пра мову цела кіраўніка Беларусі і ягоныя сувязі з армянскім алігархам Гагікам Царук’янам – Вольга Жарнасек.

«Прывітанне, даражэнькі!»

На саміце ў Сочы 14 траўня Аляксандр Лукашэнка кінуўся з абдымкамі да новага прэм’ера Арменіі.

«Віншую цябе з абраннем прэм’ерам. І самае галоўнае – з завяршэннем усіх гэтых баталіяў», – заявіў Лукашэнка, моцна сціскаючы рукі Пашыньяна.

Фота прэс-службы прэм’ер-міністра Арменіі

А яшчэ літаральна некалькі тыдняў таму з трыбуны Лукашэнка перасцерагаў беларусаў, што будзе «як у Арменіі».

«Ён плявузгае, крытыкуе менавіта сам рэвалюцыйны працэс, але потым спрабуе наладзіць прагматычныя палітычныя адносіны з рэвалюцыянерам, які прыйшоў да ўлады. Улада – для яго галоўнае», – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

У якасці прыкладу эксперт прыводзіць дачыненні кіраўніка Беларусі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, які таксама прыйшоў да ўлады ў выніку рэвалюцыі.

Фота: Reuters/Gleb Garanich

Больш за звычайныя словы кажа мова цела. Разам з адмыслоўцам у невербальных зносінах аналізуем першыя хвіліны спаткання кіраўніка Беларусі і прэм’ера Арменіі.

«Што тут можна заўважыць? Калі кораценька, то гэта кантроль. Спадар Лукашэнка пачынае гэты рух, каб узяць рукі спадара Пашыньяна з бакоў, але левая рука Пашыньяна паспявае выйсці з гэтага руху і перахапіць руку спадара Лукашэнкі звонку», – адзначае адмыслоўца ў майстэрстве прэзентацыі і камунікацыі Аляксей Бурнасенка.

Жэсты ў палітыцы рэдка бываюць выпадковымі, кажа адмысловец.

Апошні прыклад найвышэйшага ўзроўню – спатканне ў Вашынгтоне прэзідэнтаў ЗША і Францыі. Падчас супольнага здымку Доналд Трамп змахнуў… перхаць з пінжака Эманюэля Макрона.

Фота: Reuters/Kevin Lamarque

«Гэта пазіцыя, якую часам можна сустрэць у іншых палітыкаў. Дэманстрацыя сваёй перавагі, дэманстрацыя сваёй дамінантнай пазіцыі», – заўважае Аляксей Бурнасенка.

Гагік Царук’ян на мянушку Тупы Гага

Але вернемся да абдымкаў Лукашэнкі. Гэтым разам з армянскім бізнесоўцам, які ачольвае другую з велічыні фракцыю ў Нацыянальным сходзе Арменіі. Фракцыю, якая ў апошні момант падтрымала Пашыньяна на пасадзе прэмʼер-міністра.

Лукашэнка з армянскім бізнесоўцам Гагікам Царук’янам. Фота прэсавай службы кіраўніка Беларусі

Гагік Царук’ян – даўні сябар Лукашэнкі. На радзіме атрымаў мянушку, якая ў перакладзе азначае «Тупы Гага». Ягоны маёнтак ацэньваецца на паўмільярда долараў. З таго, што вядома афіцыйна, у Беларусі Царукʼяну належыць большая частка акцыяў супольнага прадпрыемства «Армянскі стандарт», якое займаецца разлівам каньяку.

«Лічыцца, што Гагік Царук’ян – самы багаты чалавекам у Арменіі», – кажа Вагэ Саруханьян, журналіст, які працуе на партале hetq.am.

Летась армянскі рэсурс напісаў пра каштоўны падарунак Царук’яна малодшаму сыну Лукашэнкі. Мікалай атрымаў двух белых ільвянятаў. Жывёліны не проста рэдкія, яны – пад пагрозаю знікнення.

Фота для ілюстрацыі. Reuters/Ilya Naymushin

Яшчэ адзін шчодры дар, ізноў жа Мікалаю, – чатырохсотлітровая бочка каньяку. Згодна з жаданнем алігарха, яе маюць адкрыць на вяселле малодшага Лукашэнкі.

«Гэта падкрэслівае той факт, што ў іх не толькі сяброўскія, але і, можна сказаць, братэрскія адносіны», – мяркуе Саруханьян.

Адносіны, у якіх няма межаў у літаральным сэнсе. Некалькі гадоў таму беларуская амбасада ў Арменіі нечакана змяніла адрас. Са сталіцы перамясцілася ў прадмесце, у Арындж, дзе сядзіба Царук’яна.

Палац Гагіка Царук’яна. Фота blognews.am

Дыпламатычная пляцоўка цяпер працуе наўпрост каля дому алігарха, а магчыма, і на ягонай зямлі. Вагэ Саруханьян перакананы, што гэта не супадзенне.

Ці азначае гэта, што алігарх кантралюе дачыненні паміж краінамі?

«Царук’ян – бізнесовец і партыйны лідар, але не прадстаўнік Міністэрства замежных справаў, прэзідэнт ці прэм’ер-міністр», – заўважае армянскі журналіст.

А таму, прынамсі афіцыйна, Лукашэнку давядзецца дамаўляцца з Ніколам Пашыньянам. Ці не адтуль гэты жэст і спроба ўзяць за рукі новага прэм’ера?

Рух Пашыньяна ў адказ дэманструе, што кіраўніку Беларусі гэтым разам трапіўся калі не годны праціўнік, то прынамсі раўнапраўны партнёр.

Матэрыял Вольгі Жарнасек выйшаў у эфір 18 красавіка ў праграме «ПраСвет».

Стужка навінаў