Лукашэнка абмяркоўвае з сілавікамі план абароны Беларусі


Аляксандр Лукашэнка праводзіць 19 снежня пасяджэнне Савету бяспекі. «Сёння на пасяджэнні разгледзім пытанні планавання абароны нашай дзяржавы і далейшага развіцця арміі», – цытуе кіраўніка дзяржавы ягоная прэс-служба.

Паводле Лукашэнкі, на працягу года пад кіраўніцтвам Генеральнага штаба перапрацоўвацца план абароны Беларусі ў кантэксце цяперашніх рэаліяў ваенна-палітычнага і стратэгічнага становішча. Разглядаліся новыя формы і спосабы вядзення ваенных дзеянняў, заснаваных на досведзе сучасных узброеных канфліктаў.

«Мы прыйшлі да высновы, што дзейны план абароны, бяспекі нашай дзяржавы падлягае перапрацоўцы, асучасненню, актуалізацыі», – заявіў ён.

На пасяджэнне таксама вынесены пытанні аб складзе Узброеных сілаў, відах узбраення і фінансава-эканамічнага забеспячэння арміі.

На паседжанні Савету бяспекі, 19 снежня 2019 года. Фота – president.gov.by

Кажучы пра ваенна-палітычнага становішча ў свеце, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўнай тэндэнцыяй бягучага моманту стала назапашванне канфліктнага патэнцыялу ў розных рэгіёнах свету.

«Не слабее супрацьстаянне паміж буйнымі сусветнымі цэнтрамі сілы: Злучанымі Штатамі Амерыкі, Еўрапейскім звязам, Кітаем, Расеяй. Як вынік размывання архітэктуры міжнароднай бяспекі – узмацнілася гонка ўзбраенняў, – сказаў ён. – Абвастрылася інфармацыйнае процідзеянне. Па абодва бакі ад Беларусі нарошчваецца ваенная моц. Імкненне прадставіць Расею ў якасці асноўнай пагрозы Захаду стала дамінуючай палітыкай Паўночнаатлантычнага альянсу».

Паводле Лукашэнкі, на гэтай падставе ў суседніх еўрапейскіх краінах пашыраецца прысутнасць войскаў NATO. У сваю чаргу Расея таксама актыўна развівае сродкі ўзбраення.

Аляксандр Лукашэнка. Фота – president.gov.by

Лукашэнка падкрэсліў, што беларуская армія з’яўляецца інструментам недапушчэння вайны, а ў выпадку агрэсіі павінна быць здольная не толькі яе адбіць, але і нанесці непрымальныя страты праціўніку.

«Асноўнае прызначэнне Узброеных сілаў заключаецца ў абароне суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны», – дадаў ён.

Лукашэнка звярнуў увагу, што ўсе рашэнні дзяржавы ў вайсковай сферы не павінны хавацца ні ад грамадства, ні ад краін-суседзяў.

«Мы павінны быць абсалютна празрыстыя, транспарэнтныя. Мы павінны не палохаць нашых суседзяў і нашае грамадства, а распавесці ім пра сітуацыю і тыя меры, якія мы плануем і будзем рэалізоўваць у розных сітуацыях», – рэзюмаваў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў