У нядзелю ў Літве будзе праходзіць другі тур выбараў прэзідэнта, у якім бяруць удзел эканаміст Гітанас Наўседа, які высунуў сваю кандыдатуру самастойна, і кандыдатка кансерватараў, былая міністарка фінансаў, сябра Сойму Літвы Інгрыда Шыманіце.
Літоўскія медыі адзначаюць нервознасць апошніх дзён выбарчай кампаніі: кандыдаты паводзяць сябе вельмі асцярожна, бо немагчыма прадказаць вынікі галасавання.
Старэйшы эксперт Цэнтру геапалітычных даследаванняў Літвы Вадзім Валавы кажа «Белсату», што абодва кандыдаты аднолькава добра папрацавалі напярэдадні другога туру, перацягваючы галасы з левага флангу, у прыватнасці тых выбарцаў, якія ў першым туры галасавалі за Саўлюса Сквярняліса. Аднак як менавіта выбарцы прагаласуюць сёння – загадка. Невядома таксама, колькі менавіта людзей прыйдзе на ўчасткі.
«Сацыёлагі не могуць прадказаць, хто стане пераможцам. Чалавек падымецца раніцай, нешта ўбачыць – і так вырашыць», – кажа Валавы.
Звычка выбіраць спантанна – традыцыйная для літоўскага электарату, кажа наш суразмоўца.
«На парламенцкіх выбарах людзі могуць галасаваць за левыя партыі, а на прэзідэнцкіх ім спадабаецца прадстаўнік кансерватараў – і яны галасуюць за іх. Але не таму, што кандыдат – кансерватар, а проста таму, што ён ім спадабаўся асабіста. Гэта абсалютна ірацыянальны выбар», – сцвярджае эксперт.
На гэтым тыдні ў Літве адбыліся апошнія публічныя дэбаты, калі пытанні маглі задаваць людзі на плошчы – на ім, між іншага, прагучала пытанне пра АЭС у Астраўцы.
«У вонкавай палітыцы Літвы гэтае пытанне з’яўляецца дастаткова важным. Але абодва кандыдаты ўхіляюцца ад прамога адказу на яго. Маўляў, «так, мы супраць, мы будзем намагацца, каб гэтае пытанне падымалася ў Еўропе». Тэарэтычна можна сказаць, што Шыманіце займае адназначна негатыўную пазіцыю ў гэтым пытанні. Пазіцыя Наўседы, калі ён стане прэзідэнтам, будзе крыху мяккай і канструктыўнай. Але чакаць нейкага прарыву не варта», – заяўляе Валавы.
На думку эксперта, хто б абодвух прэтэндэнтаў ні перамог, Літва праз пяць гадоў мала зменіцца.
«Калі пераможа Шыманіце, вонкавая і, напэўна, унутраная палітыка Літва будзе такой ж, як пры Далі Грыбаўскайце, – дадае Валавы. – Калі ж пераможа Наўседа – тут сказаць цяжка. Чыста тэарэтычна ёсць імавернасць, што парламенцкай большасці ўдасца з ім знайсці нейкую супольную мову. Усё будзе залежыць ад вынікаў парламенцкіх выбараў праз паўтары гады».
Таксама сёння ў Літве, як і ў кожнай краіне ЕЗ, адбываюцца выбары ў Еўрапарламент. Агулам літоўцы абяруць 11 еўрапарламентарыяў. Выбарчыя ўчасткі адкрытыя з 7:00 да 20:00 паводле літоўскага часу (супадае з беларускім).
ДД belsat.eu