Лелікаўская мова і строй свацці: як Шапецюкі з Кобрыншчыны захоўваюць традыцыі


Пятро і Настасся Шапецюкі – бадай апошнія ў вёсцы Лелікава Кобрынскага раёну Берасцейшчыны, хто зберагае традыцыі вёскі. А традыцыі сапраўды багатыя. Гэта самабытная мова, абрад свацці, які выклікае захапленне як у Беларусі, так і за мяжою.

Пётр і Настасся Шапецюкі.
Фота: belsat.eu

Вёска Лелікава – каля самой мяжы з Украінаю. Магчыма, гэтым і абумоўленая наяўнасць у мясцовай гаворцы ўкраінскіх словаў. Але Пятро Шапяцюк з гэтым не пагаджаецца.

«Існуе легенда, хоць я не перакананы, што гэта праўда, але нібыта яшчэ ў старажытныя часы некаторыя сербскія плямёны вельмі моцна надакучвалі рымлянам. І вось гэтыя дзікія плямёны, іхныя сталыя набегі прывялі да таго, што імператар раззлаваўся і накіраваў войска супраць іх. І імперскія салдаты гналі гэтыя плямёны ажно сюды, да Пінскіх балотаў. Далей конніца, абмундзіраваныя салдаты не змаглі прабірацца скрозь багну. А плямёны рассяліліся тут», – распавядае Пятро Шапяцюк.

Пётр Шапецюк.
Фота: belsat.eu

Спадар Пятро піша вершы на сваёй мове:

Чарівна Лэліковська мова

Я ныколы яе нэ забуду.

Нэ встыдаюсь я рідного слова,

Хто всё помніць, то той нэ заблудыць.

Пятро Шапяцюк адзначае: носьбітаў мовы засталося мала, мова знікае. Моладзь у вёсцы паміж сабою размаўляе на сваёй гаворцы, але, выходзячы за парог, забывае пра яе.

«Чуў не раз такое меркаванне, што гэта наагул «калгасная мова». Вельмі балюча такое чуць. Гэтая мова надзвычай прыгожая. А песні якія харошыя! Некалі спявалі, а я заслухаюся, дык ажно слёзы з вачэй ідуць. Вось мы памром, дык і мова знікне», – бядуе спадар Пятро.

Акрамя мовы Шапецюкі захоўваюць самабытны вясельны абрад

Сям’я Шапецюкоў – не толькі носьбіты старажытнай адметнай мовы. Настасся Шапяцюк таксама сабрала строй свацці. Гэта адмысловая вопратка для вяселля. Свацця – абавязковая асоба з боку жаніха. Чым багацейшы быў жаніх, тым больш у яго было сваццяў. Шапецюкі згадваюць, некалі на некаторых вяселлях іх было ажно 17! Свацця весяліла і забаўляла гасцей.

Настасся Шапецюк у строі свацці.
Фота: belsat.eu

Ад звычайнага строй адрозніваецца галоўным чынам пеўневым пер’ем на галаўным уборы, што сімвалізуе «баявіты дух» свацці.

«Вось спадніца, называлася «паполюх». Адкуль такая назва, нават і не ведаю. Далей «затулка», ці «пярэднік». Нешта кшталту фартуха. На ім абавязкова вышытыя вочы, нібы сведчанне, што свацця назірае за ўсім. Вочы вышытыя і на сарочцы, а таксама і на пазусе. Галоўны ўбор называецца «кокош». Ён галоўная асаблівасць убору, паколькі ўпрыгожваецца пёрамі пеўня», – распавядае спадарыня Настасся.

Настасся Шапецюк у строі свацці.
Фота: belsat.eu

Традыцыя свацці, паводле Шапецюкоў, знікла раптоўна ў вёсцы. Паводле спадарыні Настассі, апошняе вяселле, якое яна памятае з такім абрадам, было прыблізна ў 1965 годзе.

«Усё стала па-гарадскому. Людзі пачалі хіба што саромецца, напэўна. Маўляў, і мова ў нас не такая, як ува ўсіх, і абрады не такія, як ува ўсіх», – разважае Настасся Шапяцюк.

Цікавасць да Шапецюкоў узнікла толькі дзякуючы таму, што дуэт заўважылі за мяжой. У прыватнасці ў Польшчы, дзе спадарства Настасся і Пятро ў строях выступалі з песнямі. Шапецюкоў пасля гэтага сталі запрашаць на вяселлі. Распавядаюць, аднойчы, калі зайшлі ў вясельную залу, усе госці падняліся з крэслаў і былі надзвычай уражаныя вонкавым выглядам свацці, ейнымі песнямі.

Для такога ўпрыгожвання спатрэбілася шмат часу і пер’яў.
Фота: belsat.eu

Шапецюкі таксама адзначаюць, што ўлады не падтрымлівалі жыхароў Лелікава. На афіцыйным узроўні ў вёску наведваліся толькі навукоўцы. Але пасля цікавасці з боку замежнікаў мясцовыя ўлады таксама звярнулі ўвагу на Шапецюкоў. Абрад свацці і сам строй пастанавілі ўлучыць у спіс нематэрыяльнай гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі, цяпер гэтым займаюцца абласныя ўлады.

Фота: belsat.eu

Зрэшты, Настасся Шапяцюк кажа, што захаванне строю ды абраду цалкам залежыць ад іх самых.

«Спадзяюся, мае ўнучкі зберагуць гэты абрад і сам убор. Я ім пераказваю словы песень, вучу мове. Паказваю, як робіцца ўбор», – кажа Настасся Шапяцюк.

СК belsat.eu

Стужка навінаў