Арганізатары антыінтэграцыйных пратэстаў заявілі, што ціск і рэпрэсіі ўладаў змусілі іх змяніць фармат нядзельнай акцыі са шматгадзіннага шэсця на 30-хвілінны жывы ланцуг. Але не ўсе падтрымалі гэтыя змены. 29 снежня ў Менску прайшлі дзве розныя акцыі супраць адной інтэграцыі. Мы паказалі абедзве.
Нязгодных з рашэннем афіцыйнага Менску паводзіць інтэграцыйную палітыку з Расеяй, заклікалі ўзяцца за рукі і стаць уздоўж праспекту Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці.
15.37. Акцыя каля Галоўпаштамту завершылася. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 100 чалавек.
15.35. Людзі каля Кастрычнікай плошчы пачынаюць разыходзіцца, акцыя завяршаецца.
15.20. Некалькі дзясяткаў чалавек далучыліся да Ланцуга Незалежнасці на Кастрычніцкай плошчы. Кіроўцы сігналяць на знак салідарнасці ўдзельнікам акцыі. Ланцуг фармуецца даволі хутка. Каля ўдзельнікаў акцыі стаяць супрацоўнікі ДАІ, якія сочаць, каб людзі не выходзілі на дарогу.
15.08. З’явіліся палітыкі Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і іншыя.
«Людзі выходзяць, калі ёсць нагода. Але 29 чысло не прывязанае ні да якой падзеі. Таму вырашана зладзіць акцыю ў такім фармаце», – распавёў «Белсату» Юрась Губарэвіч.
15.00. На Кастрычніцкай плошчы пакуль нешматлюдна. Удзельнікаў акцыі няма. Людзі збіраюцца каля Галоўпаштамту.
Ланцуг Незалежнасці стаўся другой акцыяй 29 снежня супраць інтэграцыі з Расеяй. Раней актывісты Руху Салідарнасці «Разам» і незарэгістраванай парты БХД правялі мітынг на Кастрычніцкай плошчы, а таксама прайшліся шэсцем да плошчы Незалежнасці.
Цягам снежня ў сталіцы прайшло пяць вулічных акцыяў пратэстаў супраць інтэграцыі з РФ.