З канца 2016 года ў скверы імя Грамыкі ў Гомлі стаяць макеты сусветных і беларускіх помнікаў архітэктуры. Гамельчукі ставяцца да іх па-рознаму: ёсць тыя, каму яны падабаюцца, а некаторыя гараджане лічаць малыя архітэктурныя формы безгустоўнымі ды прымітыўнымі. У канфлікце ўладаў і жыхароў разбіраўся «Белсат».
На трэці год існавання макетаў у скверы імя Грамыкі ў Гомлі гарадскія чыноўнікі нечакана задаліся пытаннем: ці задаволеныя гамельчукі якасцю добраўпарадкавання, ілюмінацыяй і мастацкім узроўнем малых архітэктурных формаў сквера імя Грамыкі? На сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёну з’явілася адпаведнае апытанне.
Мы вырашылі высветліць, як галасуюць гамельчукі і які лёс чакае макеты – ці застануцца яны, ці будуць дэмантаваныя.
– Кіраўніцтва раёну сумесна з кіраўніцтвам гораду будзе вызначацца, улічваючы меркаванне жыхароў Гомля. Гэтае ж [апытанне. – Belsat.eu] не проста так. Магчыма іх [макеты. – Belsat.eu] кудысьці перанясуць. Для гэтага апытанне і праводзіцца, – распавяла намесніца старшыні аддзелу ЖКГ і добраўпарадкавання адміністрацыі Цэнтральнага раёну Вікторыя Нявейкава.
Апытанне на сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёну будзе праводзіцца да канца месяцу. На 28 траўня вынікі былі такія: 57 % людзей выказаліся супраць пластыкавых макетаў. Усяго ў апытанні прынялі ўдзел 3223 чалавекі. Але ў аматараў малых архітэктурных формаў засталося як мінімум 2 дні, каб памяняць сітуацыю.
А вам падабаюцца гэтыя малыя архітэктурныя формы?
Сяргей Ляпін, фота аўтара belsat.eu