Кожны трэці беларус можа страціць працу сёлета праз COVID-19


Дзень працы ўва ўмовах пандэміі COVID-19 – не толькі без традыцыйных шэсцяў, але і з новымі выклікамі для працоўных. Нават 1,6 мільярда з іх – а гэта амаль палова ад агульнае колькасці працоўных у свеце – можа застацца без сродкаў для існавання праз каранцін, гаворыцца ў адмысловай заяве Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Моцна пацерпяць і яшчэ 2.3 мільярда працаўнікоў, прыбыткі якіх істотна скароцяцца.

Эксперты Міжнароднай арганізацыі працы прагназуюць: рэзкае падзенне працоўнай занятасці працягнецца, і ў другім квартале 2020 года будзе амаль удвая глыбейшае, чым планавалася раней. У параўнанне з дакрызісным 4-м кварталам 2019-га на сёння чакаецца пагаршэнне на 10,5 %, што эквівалентна 305 млн поўных працоўных дзён. Раней прагназавалася, што скарачэнне працоўнай занятасці складзе 6,7 % (195 млн дзён). Рост беспрацоўя эксперты МАП звязваюць з падаўжэннем і пашырэннем каранціну.

Гаворка вядзецца найперш пра асобаў, занятых у ценявых альбо нефармальных сектарах эканомікі. Аднак застацца без працы рызыкуюць і каля 300 мільёнаў чалавек, якія маюць афіцыйную легальную працу. З праблемамі ўжо сутыкнуліся больш за 436 мільёнаў прадпрыемстваў па ўсім свеце, якія працуюць перадусім у галінах аптовага і раздробнага гандлю, апрацоўчай прамысловасці, жыллёвага харчавання (рэстарацыйны ды гатэльны бізнес), куплі і продажу нерухомасці і інш.

Фота: pixabay.com

А як у Беларусі?

Што ж да нашай краіны, то дакладна акрэсліць маштаб крызісу практычна нерэальна. Беспрацоўных у Беларусі, як і захварэлых на COVID-19, падлічваюць інакш, чым прынята ў свеце. Пры гэтым афіцыйная статыстыка меншая за сабраную паводле стандартаў МАП у дзясяткі разоў.

Гэтак, паводле Міністэрства працы, на 1 красавіка ўзровень беспрацоўя ў Беларусі склаў 0,2 %. Паводле ж метадалогіі МАП – 4,1 %.

– У Беларусі падлік беспрацоўных вядзецца паводле колькасці тых, хто звярнуўся ў службу занятасці. Аднак насамрэч людзі туды звяртаюцца вельмі рэдка. Па-першае, у нас не дапамога па беспрацоўі, а здзек – усяго 26 рублёў, ты больш праездзіш. А, па-другое, калі ты зарэгістраваўся беспрацоўным, то абавязаны штомесяц прыходзіць справаздачыцца, дзе і што ты рабіў, а таксама ў абавязковым парадку будзеш прыцягнуты да грамадскіх працаў: падмятаць вуліцы, прыбіраць які-небудзь батанічны сад і г. д., – тлумачыць старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук. – Методыка ж МАП заснаваная на даследаванні хатніх гаспадарак: прыходзяць да вас дадому і распытваюць, колькі жыве працаздольных асобаў, хто дзе працуе, ці хтосьці з’ехаў у якасці працоўнага мігранта і г. д.

Hавiны
Бізнес у рэанімацыі. Для часткі прадпрымальнікаў пытанне прыбыткаў ужо не стаіць
2020.04.27 17:35

Тым часам, паводле апошняга даследавання, якое з 17 па 22 красавіка супольна ладзілі кампанія SATIO і цэнтр BEROC, толькі цягам апошніх тыдняў працу страцілі 6 % апытаных, яшчэ 20 % распавялі, што без працы засталіся іх сябры ды знаёмцы. То бок, перакладае лічбы ў рэальных людзей кіраўнік «Навукова-даследчага цэнтру Мізеса» аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Яраслаў Раманчук, толькі ў красавіку працу страцілі прынамсі 200 тысяч беларусаў. І дадае:

– Дакінем сюды яшчэ тых прадпрымальнікаў, якія могуць страціць працу, – вось ужо і атрымліваем тыя 700 тысяч – мільён тых, хто да канца года стане беспрацоўным. А з улікам таго, што, у адрозненне ад той жа Нямеччыны ці ЗША, дзе беспрацоўныя атрымліваюць больш як тысячу долараў дапамогі, у нас гэткай дапамогі ад дзяржавы практычна няма – гэта будзе сапраўдная трагедыя для людзей!

Пры гэтым Яраслаў Раманчук пагаджаецца з прагнозамі галоўнага навуковага працаўніка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Львом Львоўскім, які гаворыць пра два сцэнары развіцця падзеяў. Аптымістычны сцэнар, пры якім эканамічная сітуацыя пачне паляпшацца яшчэ да канца траўня, прадугледжвае рост беспрацоўя ў Беларусі да 10 %. Паводле песімістычнага прагнозу, беспрацоўе вырасце да 30 % па краіне (то бок працу страцяць нават 1,3 мільёна беларусаў), а паляпшэнні ў эканоміцы можна чакаць толькі пад канец года.

Фота: pixabay.com

Лукашэнка мае рацыю?

На тле несуцяшальнай статыстыкі і прагнозаў ад МАП, рашэнне ўладаў Беларусі аб не ўвядзенні каранціну нават насуперак настойлівым рэкамендацыям Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ), на першы погляд, выглядае цалкам абгрунтаванае. Але, падкрэслівае эканаміст Яраслаў Раманчук, усё пытанне – у прыярытэтах:

– Тут што галоўнае – фармальныя паказнікі ці жыцці людзей? Усе нармальныя краіны зрабілі выбар на карысць апошняга. У нас жа нават афіцыйныя дадзеныя Міністэрства аховы здароўя сведчаць, што абраны шлях «хай усе працуюць» – гэта ўсяго толькі палачна-галачныя паказнікі. І калі ўрад кажа, што ў першым квартале мы маем толькі 0,3 % ВУП – ну, ведаеце, лепш хай будзе тое падзенне мінус 7 %, але жыццё захаваецца і эканоміка потым адабʼецца. Можна ж і ў Гулагу працаваць, даваць фальшывую статыстыку і казаць, што ўсё добра…

Цікава, што нават адмова ад каранціну не гарантуе ратавання эканомікі. Цэнтральны банк Швецыі (гэтая краіна таксама ўстрымалася ад увядзення каранціну) апублікаваў два магчымыя эканамічныя сцэнары на 2020 год – з увядзеннем і не ўвядзеннем каранціну: абодва змрочныя і прадугледжваюць істотнае падзенне ВУП сёлета. Эканамічнае падзенне назіраецца і ў астатніх краінах Еўропы, якія каранцін увялі. Толькі за першыя тры месяцы сёлета ВУП Еўразвязу скараціўся на 3,5 %.

У Беларусі ж, падкрэслівае Раманчук, рэцэсія пачалася яшчэ да пандэміі, а таму на пазітыў разлічваць не даводзіцца.

– Калі ты адзін гэткі нічога не ўводзіш, а вакол цябе ўсе ўводзяць, то ты і так будзеш у мінусе. Гандаль у цябе прасядзе, а гэта мінус 10-15 мільярдаў долараў ЗША. У цябе прасядуць бюджэтныя паказнікі, ВУП. Інвестыцыяў няма. І наагул – навошта працаваць, калі няма каму прадаваць?

Фота: pixabay.com

Што рабіць?

Што ж рабіць, калі і ўвядзенне каранціну, і яго не ўвядзенне не ратуюць ад эканамічнага абвалу? МАП заклікае да неадкладных захадаў падтрымання, у прыватнасці, невялікіх прадпрыемстваў, а таксама працаўнікоў, занятых у ценявых ды нефармальных сектарах эканомікі – найперш праз узмацненне сацыяльнай абароны і больш дасяжнага крэдытавання.

А вось у падпісаным Лукашэнкам яшчэ 24 красавіка ўказе №143 «Аб падтрымцы эканомікі» пра хоць нейкія фінансавыя выплаты для грамадзянаў, якія страцілі працу альбо частку прыбытку, няма ані слоўца.

– Гэта абсалютная імітацыя, не больш, – ацэньвае дакумент эканаміст Яраслаў Раманчук. – Са 100 % прапановаў, агучаных экспертнай і бізнес-супольнасцю, у гэтым дакуменце ўлічаныя максімум 5 %. Пры гэтым указ №143 пашырае паўнамоцтвы чыноўнікаў і стварае дадатковыя магчымасці для карупцыйных схемаў і захопу актываў. Да прыкладу, норма пра 90 дзён зачынення крамаў, кавярняў і рэстарацыяў – гэта папросту здзек! Не дзіва, што нават вельмі асцярожныя партнёры Рады міністраў, якія і з Румасам размаўлялі [Сяргей Румас, прэмʼер-міністр Беларусі. – Belsat.eu], і з іншымі, пераконвалі, што ўсё будзе добра – нават яны публічна выказалі сваё расчараванне.

Лідар незалежных прафзвязаў Аляксандр Ярашук звяртае ўвагу і на дадатковы ўдар па правах працаўнікоў замест падтрымання іх дзяржаваю, замацаваны ўказам.

– Цяпер звольніць чалавека прасцей няма куды. Указам №143 яны з месяца да аднаго дня зменшылі тэрмін, цягам якога працадаўца абавязаны папярэдзіць працаўніка пра істотныя змены ўмоваў працы! Істотныя ўмовы працы – гэта калі з заўтрашняга дня ты працуеш не 8 гадзін, а 3-4 ці нават гадзіну. А ў нас былі выпадкі, калі пісалі: маўляў, працуеш… 45 хвілін! І што чалавек скажа? Згодны-нязгодны? Нязгодны – праз 24 гадзіны ідзі на вуліцу!

Валеры Руселік Belsat.eu

Стужка навінаў