Каталуння: народ зрабіў усё магчымае, цяпер справа за палітыкамі


6 верасня 2017-га. Парламент Каталунні прымае рашэнне правесці рэферэндум аб незалежнасці. Мадрыд абвяшчае яго незаконным і называе спробай перавароту. Сотні тысяч выходзяць на вуліцы Барсэлоны пад лозунгам «Прагаласуем!». У адказ цэнтральныя ўлады сцягваюць у рэгіён сілавікоў з усёй краіны і арыштоўваюць 14 незалежніцкіх чыноўнікаў.

З пачатку месяца напружанне ў Каталунні штодзень нарастала. І пакуль ва ўладных колах вяліся гарачыя дыскусіі, звычайныя людзі вырашалі, ці прагаласаваць, як прагаласаваць, і пасля выходзілі на вуліцы гарадоў. Здымачная група «Белсату» вылецела ў Барсэлону напярэдадні гістарычнага рэферэндуму.

Тым часам далёка не ўсе ў Каталунні мараць аддзяліцца. За дзень да галасавання амаль 15 тысяч прыхільнікаў адзінай Іспаніі праходзяць маршам па цэнтры Барсэлоны. Большасць нашых суразмоўцаў нарадзіліся і выраслі ў гэтым рэгіёне, але ў першую чаргу лічаць сябе іспанцамі. Яны скандуюць «Жыве Іспанія!», «Ні кроку назад!» «Мы – не галасуем».

«Мы зробім усё магчымае, пакуль у Каталунні не здарылася катастрофа і эканамічны калапс. Мы падтрымаем нацыянальны ўрад, як цяпер гэта робяць грамадзяне і сябры сацыялістычнай партыі, бо сітуацыя надзвычайная», – кажа прэзідэнт асацыяцыі бізнесоўцаў Каталунні Жозэп Боу.

Пад вечар незалежнікі збіраюцца ў школах, дзе размешчаныя выбарчыя ўчасткі. Усяго па Каталунні такіх школаў больш за 5 тысяч. Паліцыя атрымала загад разагнаць іх на світанку і канфіскаваць урны. Пакуль жа моладзь арганізуе самаабарону.

«Цягам ночы на ўваходзе будзе стаяць варта з пяці чалавек, яны будуць назіраць, каб ніводны паліцэйскі сюды не прайшоў. Асабліва ў самыя небяспечныя гадзіны, бліжэй да шостай ранку, мы павесім на вароты замок з ланцугом», – кажа абаронца выбарчага ўчастку Андрэу.

У імправізаваным лагеры пануе атмасфера еднасці. Яны рыхтуюцца даць адпор паліцыі, але падкрэсліваюць – супрацьстаянне мусіць быць мірным.

«Прыйдзе паліцыя і паспрабуе нас адсюль выцягнуць, але мы скажам, што ладзім мірнае свята. Так што настрой вельмі пацыфісцкі, святочны, але з вялікім жаданнем усё ж прагаласаваць», – распавядае абаронца выбарчага ўчастку.

Ноч абяцае быць доўгай. Людзі прыносяць з дому цёплыя рэчы, спальныя торбы, ежу. На сценах развешваюць памяткі з кантактамі праваабаронцаў. Хтосьці праглядае апошнія навіны, сочыць за абнаўленнямі ў сацсетках, хтосьці – спрабуе заснуць.

Як і чакалі пратэстоўцы, супрацьстаянне з цывільнай гвардыяй набывае гвалтоўны характар. Сутычкі адбываюцца адначасова ў розных кропках Барсэлоны. Сілавікі разганяюць чэргі ля ўчасткаў, страляюць гумовымі кулямі. Пазней мясцовыя ўлады абвесцяць пра амаль 900 пацярпелых.

Нягледзячы на напружаную абстаноўку, чарга ахвотных прагаласаваць толькі на адным з участкаў расцягваецца на цэлы квартал. Каардынуюць працэс валанцёры з грамадскіх рухаў і прафсаюзаў.

«Людзі заходзяць і галасуюць, усё робіцца хутка, у атмасферы радасці і эйфарыі. Яны паціскаюць мне руку і кажуць: Мы нарэшце можам прагаласаваць! Можам!» – распавядае грамадскі назіральнік Франсуа Жэнэ.

«Цяжка паверыць! Думала, у нас не атрымаецца сюды патрапіць, але ўсё ж мы дайшлі. Я вельмі ўсхваляваная, вельмі!» – прызнаецца ўдзельніца галасавання.

А восьмай вечара галасаванне скончваецца, цяпер – час падлічваць галасы. Прэм’ер Іспаніі Марыяна Рахой мае падтрымку сусветных лідараў і выступае з афіцыйнай прамовай: паводле яго, «ніякага рэферэндуму ў Каталунні сёння не адбылося».

«Яны ведалі: рэферэндум супярэчыў закону. Але вырашылі ісці далей і зладзілі сапраўдную атаку на прававую дзяржаву і на дэмакратыю, не палічыўшыся ні з кім і ні з чым», – заявіў прэмʼер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой.

Частка грамадзянаў мела надзею, што кароль Фэліпэ VI збалансуе сітуацыю і паспрабуе прымірыць бакі, але той адразу заняў жорсткую пазіцыю.

«Пэўныя прадстаўнікі ўлады ў Каталунні неаднаразова наўмысна парушалі Канстытуцыю і свой статут аўтаноміі – закон, які прызнае і абараняе іх гістарычныя інстытуцыю і самакіраванне», – заявіў кароль Іспаніі Фэліпэ VI.

Пазней увечары становіцца вядома: пры яўцы ў больш чым 2 мільёны, за незалежнасць прагаласавалі 92%. Прэм’ер Каталунні Карлес Пучдэмон абвяшчае перамогу рэферэндуму.

«У гэты дзень, поўны надзеі і змагання, грамадзяне Каталунні адстаялі права на незалежную дзяржаву ў форме рэспублікі», – заявіў прэмʼер Каталунні Карлес Пучдэмон.

3 кастрычніка. Барсэлона страйкуе. Амаль не працуе транспарт, зачыненыя крамы. На мітынг супраць паліцэйскага гвалту выходзяць левыя актывісты, студэнты і традыцыйна для Каталунні – пажарныя.

«Гэты будынак будзе бібліятэкай!» – крычыць моладзь на ля ўпраўлення паліцыі. Агулам па горадзе – да мільёну мітынгоўцаў.

Ня ўсе людзі ў натоўпе – за незалежнасць. Гэтая спадарыня спачувае цывільнай гвардыі – яна прыносіць паліцыянтам ежу і прапаноўвае ім свой дом.

«Я нарадзінка Каталунні, вырасла тут. Але лічу сябе іспанкай, што будзе заўтра – не ведаю, але падтрымліваць безаконне не магу», – кажа прыхільніца адзінай Іспаніі Марыя.

Цягам бліжэйшага тыдня і ад афіцыйнай Барсэлоны, і ад афіцыйнага Мадрыду чакаюць рашучых дзеянняў. Падаецца, што шараговыя грамадзяне зрабілі ўсё магчымае і цяпер толькі ад волі палітыкаў залежыць, ці сапраўды на мапе Еўропы з’явіцца новая краіна.

Кацярына Андрэева, Дзяніс Дзюба, «Белсат», Барселона

 

Рэпартаж паказалі 6 кастрычніка 2017 г. у «ПраСвеце».

Іншыя тэмы праграмы:

  • Якая кур’ёзная гісторыя здарылася з карэспандэнткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай у Каталунні?
  • Якія дзве вялікія памылкі зрабіў Мадрыд у адносінах да Барселоны?
  • Чаму Беларусь хваліць польскі прадпрымальнік?
  • Як можна спрасціць доступ да зброі?
  • Ці Масква можа адправіць у Венесуэлу сваіх вайскоўцаў?

Глядзіце «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою.

Стужка навінаў