Каталікі не хочуць плаціць за дазвол на пілігрымку. Хто яшчэ адмаўляецца ад масавых акцыяў?


У верасні каталікі Гарадзеншчыны не зладзяць пілігрымкі ў касцёл Маці Божай Яснагорскай, куды са спевамі і малітвамі пешшу ходзяць амаль 10 гадоў. Афіцыйны зварот да вернікаў напісаў пробашч касцёлу ў Капцёўцы Міхал Ластоўскі, інфармацыя распаўсюджваецца па каталіцкіх парафіях Горадні.

«У канцы верасня кожны год мы праводзілі пешыя пілігрымкі ў Капцёўку ў санктуарый Маці Божай Яснагорскай. Але ў гэтым годзе пілігрымак не будзе з-за пастанаўлення Савету Міністраў № 49 ад 24.01.2019 «Аб парадку аплаты паслуг пры правядзенні масавых мерапрыемстваў», праз якое кожная такая пілігрымка абыдзецца каля дзвюх з паловай тысяч долараў – толькі за дазвол на яе правядзенне (не ўлічваючы ўсіх іншых дадатковых выдаткаў). Гэтая пастанова датычыць усіх недзяржаўных арганізацыяў», – паведамляецца ў звароце.

Апроч таго, у звароце ёсць папярэджанне: калі людзі самастойна вырушаць памаліцца ў Капцёўцку, нават невялікаю групаю, 20–30 чалавек, будуць сур’ёзныя праблемы з уладамі, а святара прыцягнуць да адказнасці за «масавую акцыю».

Каталікі з Беларусі і суседніх краінаў падчас урачыстасцяў у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай. Вёска Будслаў, Мядзельскі раён, Менская вобласць. Фота REUTERS/Vasily Fedosenko

«Праблем не будзе, калі малітвы адбываюцца на тэрыторыі касцёлу. Аднак, калі ладзіць шэсце ў горадзе, патрэбная дамова з камунальнымі службамі, міліцыяй, хуткай дапамогай. А гэта каштуе вельмі вялікія грошы. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з іншымі біскупамі ўжо даслалі лісты ў Савет Міністраў. Зараз чакаем адказу, ці будуць нас лічыць свецкім мітынгам ці рэлігійным. Будзем маліцца аб тым, каб улады разумелі патрэбы вернікаў. Бо мы плацім падаткі на ўтрыманне ўсіх, пералічаных вышэй інстытутаў. Навошта другі раз яшчэ плаціць? Гэта ж беларусы ходзяць у пілігрымкі, а не іншаземцы. У нас жа вельмі шмат пілігрымак праводзіцца штогод, і ў Будслаў, і ў Тракелі, і ў Лагішын, у Рось і шмат дзе па Беларусі», – каментуе сітуацыю кс. Антоній Грэмза, віцэ-канцлер гарадзенскай курыі.

Праз пастанову не будзе таксама спаборніцтваў па рыбалцы

Ад новай пастановы пацярпелі таксама і гарадзенскія аматары рыбалкі, якія ў гэтым годзе не змогуць правесці штогадовых спаборніцтваў, якія ладзіліся апошнія 30 гадоў.

«Перад атрыманнем дазволу з гарвыканкаму мы, як і ўсе недзяржаўныя арганізацыі, мусім спачатку падпісаць дамовы з міліцыяй, камунальнікамі, ратаўнічай станцыяй і хуткай дапамогай. Да гэтага моманту мы не маем права паведамляць пра планаваную імпрэзу. А пасля правядзення цягам тыдня мы мусім усё аплаціць», – кажа Васіль Быкаў, сябра Гарадзенскай абласной арганізацыі аматараў спінінгу і нахлысту, адзінага ў краіне клубу, які аб’ядноўвае выключна аматараў рыбалкі.

Заслаўскае вадасховішча. Фота Natalia Fedosenko/TASS

Агулам пад панятак «масавае мерапрыемства» ў беларускім законе трапляюць: сходы, мітынгі, вулічныя шэсці, дэманстрацыі, пікеты, а таксама іншыя імпрэзы: спартовыя, культурныя, рэлігійныя, якія праводзяцца ў не прызначаных адмыслова для сустрэчаў месцах, пад адкрытым небам або ў памяшканні. Згодна з новай пастановай, аплата паслуг органаў міліцыі складае: 3 базавыя велічыні – за падзею з удзелам да 10 чалавек; 25 базавых велічынь – ад 11 да 100 чалавек; 150 базавых велічынь – ад 101 да 1000 чалавек; 250 базавых велічынь – больш за 1000 чалавек. Дзеянне пастановы не распаўсюджваецца на імпрэзы, правядзенне якіх фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага ці мясцовых бюджэтаў.

Юрыст Алег Агееў лічыць пастанову наўпроставым парушэннем правоў грамадзянаў.

«Умовы, якія стварыла дзяржава для рэалізацыі права правядзення масавых мерапрыемстваў, створаныя такія, каб людзям немагчыма было сабрацца. Гэта прамы абавязак дзяржавы – аплочваць бяспеку масавых акцыяў. Менавіта ўлады за кошт падаткаў павінны аплочваць працу міліцыі, хуткай дапамогі, камунальных службаў», – кажа Агееў.

Менавіта праз пастанову Савету Міністраў «Аб парадку аплаты паслуг пры правядзенні масавых мерапрыемстваў» сёлета арганізатары адмовіліся ад правядзення дазволенага шэсця «Чарнобыльскі шлях».

Паўліна Валіш belsat.eu

Стужка навінаў