У агракомплексе «Калінінскі» 2 чэрвеня загінула карова. Мясцовыя жыхары кажуць, што жывёліна наелася шклаваты, якая ўцяпляла дах хлява.
Ужо амаль тры тыдні на прадпрыемстве правяць стары дах. Каровы месцяцца ў будынку амаль пад адкрытым небам. Хлеў пабудавалі яшчэ ў савецкі час. Частку пакрыцця знялі, засталася шклавата, якая распыляецца ў паветры.
Відэа з памерлаю кароваю выклаў блогер Арцём Шапораў.
«Ну, вось хіба дзеянне шклаваты. Калі яна яе зжэрла, то яна труп. Сёння а чацвёртай раніцы зарэзаў яе, так яна і валяецца. Нікому нічога не трэба. Кіраўніцтва няма. Шклавата гэта або не, але цёлка здохла», – кажа працаўнік прадпрыемства «Калінінскі».
Блогер задаецца пытаннем, ці няма органаў, якія б правяралі змесціва жывёлы.
«Вось карова з’ела шклавату, а далей гэтае мяса пойдзе ў каўбасу? Ці, калі яна засталася б жывая, малако пойдзе на «Мілкавіту»? Што за бардак! І ўсім ***раць?» – абураецца Арцём Шапораў.
Працаўніца комплексу «Калінінскі» распавяла belsat.eu, што карову давялося зарэзаць, каб яна не здохла.
«А 03:30 пазваніў вартаўнік і папрасіў майго мужа прыехаць, бо цёлка падыхае. Трэба было яе зарэзаць, пакуль яна не здохла, каб не «павесілі» на вартаўніка. Ён сказаў званіць начальству. Яна ўсіх абзваніла, брыгадзір адпачываў, а начальства сказала тэлефанаваць працаўнікам. Нікому яна не патрэбная.
Муж пастанавіў выручыць і паехаў прырэзаць, а пасля вярнуўся дадому. На працу паехаў на сёмую раніцу, а яна там валялася. Ніхто не прыехаў. Пазней прыехаў галоўны доктар Артур Пятровіч, паглядзеў яе, але сказаў, што не ведае, ад чаго падохла».
Агулам жанчына кажа, што каровы паміраюць штомесяц.
У Добрушскім райвыканкаме belsat.eu сказалі, што пра сітуацыю нічога не ведаюць, трэба тэлефанаваць у прадпрыемства.
«А вам што, у інтэрнэце нешта паказалі, вы ўжо і верыце ў гэта?» – уся рэакцыя Добрушскага райвыканкаму.
У прыёмнай кіраўніка «Калінінскага» Віктара Байдова belsat.eu адказалі, што дырэктар агракомплексу «на гаспадарцы», параілі званіць пазней.
«А хто вам сказаў такое? Ідзе ў нас рэканструкцыя даху. Быццам нешта напраўляюць».
Рэдакцыя belsat.eu паспрабуе звязацца з Віктарам Байдовым пазней.
ДР belsat.eu