Каронавірус дабраўся да Верхнядзвінска – гэта ўжо 12-ы раён Віцебскай вобласці з COVID-19

На пасяджэнні штабу па перадухіленні завозу, распаўсюду выпадкаў і абароне насельніцтва ад каронавірусу паведамілі пра выяўленне аднаго хворага, ён шпіталізаваны.

Стан здароўя пацыента медыкі ацэньваюць як здавальняючы, піша газета «Дзвінская праўда». Устаноўлены і адсочваюцца кантакты 1 і 2 узроўняў.

Прадпрыемствам рэкамендавана па магчымасці абмежаваць камандзіроўкі супрацоўнікаў за межы раёну. Жыхарам таксама варта ўстрымацца ад далёкіх паездак, паходаў у госці і асабістых кантактаў са сваякамі.

Як паведамляюць «Народныя навіны Віцебску», станоўчы тэст на каронавірус атрыманы яшчэ ў двух жыхароў Ушацкага раёну. Абодва гэтых пацыента патрапілі ў больніцу з пнеўманіяй. Усяго ва Ушацкім раёне COVID-19 захварэлі ўжо 8 чалавек. Агулам у Віцебскай вобласці інфекцыя закранула 12 раёнаў.

У Аршанскім раёне колькасць заражаных павялічылася да 15 чалавек, у Гарадоцкім раёне – 4 пацверджаныя выпадкі.

Докшыцы: як ізалююць «кантакты першага ўзроўню»

Самая складаная сярод райцэнтраў сітуацыя цяпер у Докшыцах, дзе, паводле выдання, мясцовыя ўлады не агучваюць агульную колькасць захварэлых.

Усяго па стане на 14 красавіка ў Віцебскай вобласці выяўлена 848 выпадкаў інфікавання, агулам па краіне лічба хворых на COVID-19 дасягнула 3 281.

КА belsat.eu

Hавiны